Алесь Дзянісаў запіша альбом “Кароткая гісторыя Беларусі” на вершы Алеся Чобата

Алесь Дзянісаў

Акустычны альбом будзе складацца з 24 песен на вершы паэта. Праект атрымаўся на гістарычную тэматыку: ад станаўлення Вялікага княства Літоўскага да сучаснага лёсу Беларусі. Альбом можа выйсці летам 2017 года.

Алесь напісаў музыку ў асноўным да вершаў са зборніка “Кароткая гісторыя Беларусі”. Таму праграма, куды канцэптуальна ўкладаюцца ўсе песні, так і будзе называцца. Таксама ў акустычным варыянце будуць запісаныя песні “Эпілог” і “Станіслаў Аўгуст Панятоўскі”, якія раней прагучалі на апошнім альбоме гурта “Dzieciuki”.

– Не ўсе вершы з кнігі “Кароткая гісторыя Беларусі” я ўзяў. Пісаў музыку на тыя, якія мне найбольш спадабаліся, якія больш натуральна спалучаліся з мелодыяй. Я таксама суб’ектыўны: штосьці пайшло, штосьці не пайшло. Хтосьці казаў, што ў Чобата зусім не музычныя вершы. Ясна, што не ўсе ягоныя вершы кладуцца на музыку, але я, у цэлым, з гэтым не згодны, – кажа Алесь.

Алесь Дзянісаў на занятках "Мова Нанова Гародня"

Песні ў альбоме будуць ісці храналагічна: першая апіша станаўленне ВКЛ, а некалькі апошніх – сучаснасць.

– Вершы пра сучаснасць утрымліваюць больш філасофскія, чым гістарычныя, роздумы Чобата пра лёс беларускіх зямель, – кажа Алесь Дзянісаў.

Алесь хоча зрабіць альбом мінімалістычна акустычным, каб асноўная ўвага была да голасу і словаў. Пакуль плануе запісваць только голас і гітару. Магчыма, потым музыкант Дзмітрый “Трэш” з гурта “Вочы” і “Раса мечтателей”, у хатняй студыі якога Алесь піша альбом, падыграе.

Алесь Дзянісаў лічыць Чобата адным з самых моцных паэтаў сучаснай Беларусі.

– У яго вельмі моцныя прыгожыя вобразы. У гістарычных вершах пра падзеі ці асобы ён выбірае настолькі цікавыя, смачныя моманты, што мы адразу адчуваем сутнасць таго, на што паэт хацеў звярнуць увагу. Нібыта дробязь, якая прагучала ў пачатку верша, мае ў выніку велізарнае значэнне. У паэта прысутнічае часам тонкі чорны гумар над нейкімі працэсамі і падзеямі. Трэба чытаць, каб гэта зразумець. Але я таксама, магчыма, не маю рацыю…

Алесь Чобат
Алесь Чобат

Рэліз альбома з’явіцца ў інтэрнэце. Таксама ў Дзянісава ёсць ідэя зрабіць невялікі наклад дыскаў. Частка грошай ад продажу пойдзе выдаўцу, а частка – Алесю Чобату.  Такім чынам, кожны зможа спампаваць альбом, а жадаючыя дапамагчы паэту будуць мець такую магчымасць.

Гэта не першы вопыт супрацоўніцтва Дзянісава з Чобатам. Два гады назад Алесь Дзянісаў і Валера Руселік знялі кліп на песню “Турма”. Нягледзячы на складанасці, звязаныя са слепатой паэта, праца атрымалася.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: