Будынак, дзе цяпер знаходзіцца гродзенскі філіял БІП, за паўтара стагоддзя сваёй гісторыі пабываў і казармамі для дзвюх розных армій, і адным з самых заможных прадпрыемстваў горада. А ў 2010 там выявілі таямнічую знаходку, пра якую маўчаць дагэтуль. Расказваем гісторыю вялізнага будынка на беразе Нёмана.
Пасля таго як беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай Імперыі, на мясцовых жыхароў лягла цяжкая павіннасць — забяспечваць жытлом расійскіх салдат. Іншага выхаду не было, у першай палове ХІХ ст. казармаў у горадзе было мала. Салдаты жылі ў замках, у доме на скрыжаванні Замкавай і Давыда Гарадзенскага, у лямусах часоў Тызенгаўза, што месціліся навокал кірхі. Але з часам салдат станавілася ўсё больш, а старыя будынкі занепадалі. Таму ў 1850-х гг. было прынята рашэнне ўзвесці вялікі казарменны будынак на вуліцы Маставой.
Будынак узводзіўся ў цікавым месцы. У старыя часы недзе тут знаходзілася царква Чэснага Крыжа, пра якую мы ведаем толькі з дакументаў ды малюнкаў Ганса Адэльгаўзера і Тамаша Макоўскага.
Спачатку ў будынку, які гродзенцы назвалі «белыя казармы», размясцілі гродзенскі губернскі батальён унутранай стражы, які ў 1880-х гг. развіўся да 171-га Кобрынскага пяхотнага палка.
Царскія ўлады доўга думалі, што рабіць з размешчаным недалёка былым кармеліцкім кляштарам. Быў план пераўтварыць яго ў турму, але канчаткова і яго перарабілі ў казармы, размясціўшы там Пермскі пяхотны полк. Так на беразе Нёмана паўстаў велізарны вайсковы комплекс, які складаўся з казармаў на Маставой, былога кармеліцкага кляштара, Старога і Новага Замкаў… А калі ўспомніць, што царскія ўлады хацелі засяліць вайскоўцамі сучасную вулцу Свярдлова і ваколіцы Каложы, то выходзіць нейкі суцэльны мілітарызм.
З гэтым комплексам казармаў звязана і з’яўленне менавіта ў гэтым месцы Старога моста. Спачатку мост планавалі пабудаваць у раёне Румлёва, каб царскім жаўнерам зручна было пераходзіць праз Нёман у свае летнія лагеры з зімовых казармаў.
У міжваенныя гады казармы змянілі назву з «белых» на «жоўтыя». Тут размясціўся 81 пяхотны полк польскай арміі, які насіў імя караля Стэфана Баторыя. Полк быў адной з найлепшых частак польскай арміі і летам 1939 г. быў накіраваны на абарону заходніх рубяжоў польскай дзяржавы. У верасні 1939 г. менавіта ў «жоўтых кашарах» быў арганізаваны штаб абароны Гродна ад Чырвонай Арміі.
Ужо ў 1946 г. у Гродне вырашана было стварыць вялікае прамысловае прадпрыемства — тэкстыльны камбінат. Пад яго вырашылі прыстасаваць былыя казармы па Маставой і будынак былой тытунёвай фабрыкі на той самай вуліцы.
Камбінат хутка стаў адным з галоўных прадпрыемстваў горада. На ім працавала да 1200 чалавек, фабрыка мела ўласны палац культуры ў самым лепшым месцы горада на Савецкай плошчы (узведзены ў 1957 г.), а таксама ўласны дзіцячы садок (цяпер пачатковыя класы Гродзенскай гарадской гімназіі па вул. Падольнай) і два піянерскія лагеры «Дружныя рабяты» і «Юныя касманаўты».
У 1985 г. тонкасуконны камбінат перанёс свае асноўныя магутнасці на вул. Горкага. Стары будынак на Маставой працягваў працаваць як тэкстыльная фабрыка. У пачатку 2000-х гг. прадпрыемства пачало скатвацца да банкруцтва і каля 2010 г. пасля некалькіх гадоў пошукаў інвестараў і шляхоў выратавання было цалкам зачынена. У апошнія гады на камбінаце працавала каля 400 чалавек — у тры разы менш чым у гады найбольшага росквіту.
Агромністыя карпусы па вуліцы Горкага цяпер прыдатныя толькі для здымкаў фільмаў пра постапакаліпсіс, летам на вялікім плоскім даху жывуць чайкі велічынёй з добрага гуся, а адміністрацыйны будынак адыйшоў у валоданне следчага камітэта.
Старыя казармы па вул. Маставой былі выкуплены Беларускім інстытутам правазнаўства і цяпер выкарыстоўваюцца як навучальны корпус ды здаюцца ў арэнду.
Реклама
Если вам очень хочется семью и ребенка, а ее все нет, потому что все свое время вы проводите на работе, возможно вас заинтересует банк репродуктивных тканей. Узнать можно подробнее. Также можно ознакомиться с возможными донорами.
Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…
Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…
У ГЗК Triniti гродзенцы заўважылі прусака — насякомае бегала па канапе ў зоне фуд-корту. Hrodna.life…
Беларускі гурт Ulis праіснаваў больш за 20 гадоў. Яго спадчына жыве - музыканты робяць каверы,…
Крысціна Мішчук (Пянткоўская) нарадзілася ў 1933 годзе ў Гродне ў сям'і мясцовай інтэлігенцыі. Каталічка. Тата…
У 500 метрах ад плота, узведзенага на польскім баку мяжы з Беларуссю, стаіць вёска Азяраны…