Гэты дом прыцягвае да сябе ўвагу нават пасярод шэрага ладных дамкоў Савецкай вуліцы ў Гродне. Цікавы па стылю, ён не падобны да даходных дамоў пачатку ХХ ст. і мала пацярпеў падчас войнаў. Гісторыя ж у яго такая багатая, што, спыніўшыся побач, можна распавядаць як мінімум паўгадзіны.
Дом гэты пабудаваў шляхціц Севярын Мікалай Ромер (1820−1885) — ураджэнец недалёкай ад Гродна Губінкі. Як і многія прадстаўнікі шляхты таго чагу, Ромер не толькі знаходзіўся на дзяржаўнай службе — быў маршалкам шляхты Гродзенскага павета, але і спрабаваў сябе ў прадпрымальніцкай дзейнасці. Від дзейнасці быў выбраны для шляхціца незвычайны — гатэльны бізнес.Ромер сам запраектаваў будынак і ўзвёў яго напрыканцы 1850-х гг. з дапамогай мясцовых будаўнікоў. Так Гродна атрымаў самы лепшы свой гатэль, які сярод гараджан атрымаў назву «Гатэля Ромера» або прасцей «Дома Ромера».
Хто ведае, як бы склаўся прадпрымальніцкі лёс шляхціца, калі б не паўстанне 1863 г. Пасля пачатку паўстання Севярын Ромер заняў пасаду касіра паўстанцкай арганізацыі ў Гродзенскім павеце.
У красавіку ці маі 1863 г. у гатэлі Ромера адбыўся сход членаў гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі па раскладцы падаткаў на памешчыкаў пад кіраўніцтвам Станіслава Солтана. Спачатку сабраліся ў нумары Юндзіла, які тут жыў: Солтан, Камінскі, Багатка, князь Чацвярцінскі, Э. Заблоцкі. Юндзіл здаў сабраныя 3000 рублёў срэбрам ваяводскаму касіру Багатцы.
У сходзе ўдзельнічалі, акрамя вышэй названых: Мілевіч, Ромер, Рэдых, Вайсятыч, Дашкевіч, Сільвестровіч. Паводле пазнейшых паказанняў Ромера браў удзел у гэтым сходзе і Кастусь Каліноўскі. Такім чынам — гатэль Ромера — гэта яшчэ адно месца на карце нашага горада, дзе бываў наш нацыянальны герой.
Жонка Севярына Ромера Тэадора кіравала жаночай арганізацыяй, збірала сродкі і медыкаменты для паўстанцаў. Відавочна, што такі актывізм маршалка шляхты не выклікаў захаплення ў царскіх уладаў. Ромер быў пазбаўлены ўласнасці (у тым ліку і дома) і высланы ў Томскую губерню. Тады ж улады ліквідавалі і саму пасаду «маршалак шляхты», замяніўшы гэты «перажытак» часоў Рэчы Паспалітай агульназразумелым «предводитель дворянства».
Жонка Ромера была адпраўлена ў Казанскую губерню (у параўнанні з Сібірру — вельмі камфортнае месца), аднак паехала за мужам. Ромеры жылі ў Табольску, адкуль праз шмат гадоў вярнуліся на радзіму.
Пахаваны Севярын Ромер у мястэчку Лішкава на тэрыторыі сучаснай Літвы, зусім недалёка ад Друскенікаў.
Гатэль Ромера, канфіскаваны і праданы ўладамі, хаця і называўся «Маскоўскі», аднак сярод гродзенцаў яго доўга называлі «гатэлем Ромера», або «гатэлем паўстанцаў». Камяніцу набылі Моўша і Ліза Ясяноўскія, якія пераназвалі гатэль у «Пецярбургскі» і адкрылі тут краму рэйнскіх вінаў і каланіяльных тавараў. У пачатку ХХ ст. будынак належаў Юдэлю і Таўбе Рыманам. Яны перабудавалі гатэль, пашырыўшы яго да 33 нумароў. Тады ён атрымаў назву «Маскоўскі».
У сакавіку-красавіку 1919 г. тут працавалі Беларускі нацыянальны камітэт, Беларуская павятовая рада, Цэнтральная беларуская рада Гродзеншчыны, клуб «Беларуская хатка», Грамада беларускай моладзі, курсы беларускай мовы, адбываліся беларускія вечарыны, працавала рэдакцыя газеты «Беларусь».
Можна сказаць, што гэты будынак быў апошнім прыстанішчам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на беларускай зямлі, паколькі тут вясной 1919 г. адбываліся яе паседжанні.
Пасля таго, як горад быў акупіраваны немцамі ў гады Другой сусветнай вайны, для аховы зноў створанай мяжы паміж тэрыторыямі «Белосток» і «Остланд» на адрэзку Гродзенскага раёна ў кастрычніку 1941 г. было створана Галоўнае мытнае ўпраўленне ў складзе Вярхоўнага фінансавага ўпраўлення Усходняй Прусіі.З дамовы паміж оберпрэзідэнтам фінансаў Усходняй Прусіі з гаспадаром дома ад 16 лютага 1942 г. вынікае, што апошні здае ў наём «на карысць Рэйха для жылых і службовых мэтаў наступныя памяшканні: 9 жылых памяшканняў, 14 кабінетаў, 2 склады, 1 прыёмную і 5 гаражоў» пры ўмове штомесячнай арэнднай аплаты ў памеры 195,1 рэйхсмарак.
У другой палове 1940-х тут мясціўся інтэрнат Гродзенскага педагагічнага інстытута, у ім у гэты час жыў будучы знакаміты гродзенскі пісьменнік Аляксей Карпюк. Тут жа ў той самы час дзейнічала падпольная студэнцкая беларуская антысавецкая арганізацыя, разгромленая НКУС. Адным з яе кіраўнікоў быў студэнт гродзенскага педагагічнага інстытута Уладзімір Кісель, бацька вядомага беларускага актывіста 1990-х гг. і журналіста газеты «Пагоня» Зміцера Кіселя.
У ліпені 1947 г. у будынак перасяліўся апарат гродзенскага гарвыканкама з усімі аддзеламі. У 1961 г. на цокальным паверсе адчынілася «Пельменная».
Тое адно з легендарных месцах грамадскага харчавання ў нашым горадзе. Некалькі відаў пельменяў, закускі і нават алкаголь лёгка маглі задаволіць густ і студэнта, і камандзіровачнага і нават мясцовага чыноўніка.
У іншым горадзе сцены гэтага будынка былі б завешаныя мемарыяльнымі шыльдамі, якія нагадвалі б гродзенцам пра важныя старонкі беларускай гісторыі, што тут адбываліся. Пакуль жа толькі шыльда харчэўні «Семафор» запрашае ўсіх, хто хоча, пакаштаваць дранікаў са смятанай.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…