Сучасная кававая культура пачала імкліва развівацца ў Гродне і агулам у Беларусі з 2010-х. Але ініцыятывы і кавярні, што тады паўсталі, абапіраліся на моцную гістарычную глебу. Традыцыя піць каву і гарбату налічвае некалькі стагоддзяў. Hrodna.life расказвае пра гісторыю гэтых напояў у нашым рэгіёне.
Пераможны шлях кавы: ад бітвы пад Венай да дамоў шляхты і рамеснікаў
Кава стала папулярнай у Еўропе пасля перамогі войска Рэчы Паспалітай над туркамі пад Венай у 1683 г. У абозе султана пераможцы захапілі 30 мяшкоў кавы. Уладальнікам іх стаў смелы львавянін Ежы Францішак Кульчыцкі. Паводле адной з версій яго біяграфіі, ён доўгія гады быў у турэцкім палоне, дзе палюбіў каву.
Пасля перамогі над туркамі ён адчыніў у Вене сваю кавярню. Еўрапейцы не вельмі палюбілі каву Кульчыцкага, горкі турэцкі напой быў ім не па нораву. Але з дадаткам цукру і малака кава прыйшлася венцам даспадобы.
У Варшаве першая кавярня адчынілася ў 1724 г. Праз некалькі гадоў кавярня з’явілася ў Вільні. Кава хутка стала вельмі папулярнай. Асабліва любілі яе шляхцянкі. Некаторыя маглі за ранак абысці дзесяць дамоў і ў кожным пачаставацца кубачкам духмянай кавы.
Паступова кава пачала распаўсюджвацца сярод рамеснікаў. Напрыклад, майстар з раніцы паіў сваю сям’ю і вучняў кавай з цукрам. Гэта было танней за ранейшыя сняданкі, але таксама досыць сытна.
Першую кавярню ў Гродне заснаваў Тызенгаўз
Першы гродзенскі кафэнгаўз (кавярня) з’явіўся на Гарадніцы ў 1770-х гг. дзякуючы гродзенскаму старасце Антонію Тызенгаўзу. Апісанне гэтай установы, праўда ўжо зачыненай і пераробленай у карчму, знайшла гродзенская даследчыца Наталля Сліж. Будынак кафенгаўза знаходзіўся на месцы галоўнага корпуса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы на Ажэшкі.

Тызенгаўз заклаў такія ўстановы ў Ласосне, Крынках, Паставах. Захаваўся таксама інвентар рэчаў гродзенскага старасты, якія былі ў ягоным маёнтку ў Жалудку. Сярод маёмасці Антонія Тызенгаўза было мноства посуду з парцэляны, срэбра і фаянсу для прыгатавання і піцця кавы — кубачкі, млынок, імбрычкі, мерныя лыжачкі.
«Няма такой, як наша, кавы ў іншым краі…»
З канца XVIII стагоддзя кава стала часткай жыцця шляхецкіх маёнткаў Гродзеншчыны. Ніжэй радкі з паэмы «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча ў перакладзе Пятра Бітэля.
Мужчын і дам асобнай частавалі ежай:
Разносіць посуд пачалі для кавы свежай,
Дык на падносах, хораша размаляваных,
Дыміўся рад пахучых чайнікаў бляшаных,
Стаялі пазалочаныя філіжанкі,
А побач - дробныя гарнушкі для смятанкі.
Няма такой, як наша, кавы ў іншым краі,
Бо ў Польшчы, дзе жывуць старыя абычаі,
Жанчына ў доме адмысловая бывае,
Кавяркай званая. Яна і здабывае
У горадзе або ў віціннікаў зярняты
І варыць так, як кажа вопыт ёй багаты,
Каб кава моккай пахла, як бурштын ірдзела,
Чарнела, як вуголь, і вязкасць мёду мела.
Магчыма, з’явіцца пытанне: а хто такія віціннікі? Гэта былі адмысловыя людзі, якія падарожнічалі па Нёмане на грузавых караблях-віцінах да Балтыйскага мора і назад. У той бок яны перавозілі жыта, пшаніцу, ільняное семя, ільняны алей, топленае сала, пяньку, гарэлку, мёд, а таксама дрэва. А назад прывозілі часта розныя экзатычныя або інакш каланіяльныя тавары. Сярод іх і кававае зерне.
Чытайце таксама: Як Калінінград быў надбалтыйскай сталіцай Прынямоння і што з ім здарылася
Піць чай было непатрыятычна
Бліжэй да 1830-х гг. папулярнай стала на Гродзеншчыне і гарбата. Нягледзячы на тое, што піццё гарбаты лічылася сярод шляхты «непатрыятычнай» справай, яна хутка заняла сваё месца. Напрыклад у маёнтку Біспінгаў ранак пачынаўся з кавы, а вось ужо гадзін у 11 дня пілі гарбату, якую прывозілі галоўным чынам з Расіі. Гарбату не пілі, як англічане, з малаком, а дадавалі некалькі кропляў віна і лімон. Вельмі хутка набраў папулярнасці і самавар.


Пад канец ХІХ ст. гарбату дома пілі ўжо прыкладна 10−15% беларускіх сялян, але, як і кава, яна працягвала заставацца досыць дарагім напоем. Большасць сялян або не пілі гарбату зусім, або пілі вельмі рэдка. Таксама вельмі нятанна каштаваў і цукар.

У гэты час па мястэчках пачалі адкрывацца «Чайныя». Там можна было выпіць шклянку гарбаты за пару капеек. Праўда, якасць гарбаты была зусім не тая, што ў шляхецкіх дамах сярэдзіны ХІХ ст. У той час у Гродне карысталіся папулярнасцю цэйлонская гарбата і чорная байхавая гарбата, а таксама сарты «Імператарскі» і «Кітайская ружа».
Такім чынам і кава, і гарбата паступова пераўтвараліся з прадмета раскошы ў штодзённы прадукт большасці жыхароў нашага горада і ваколіц.
Чытайце таксама: Чаму Гродна — беларуская сталіца кавы? 5 аргументаў «за» ад экспертаў