Звычайны беларускі краявід 19 ст. і зусім нерэальны сёння
Пянька — забытае багацце Гродзеншчыны. З канопляў, якія вырошчвалі нашыя продкі, брытанцы рабілі канаты, а самі беларусы — алей і нават даспехі. Сёння гэтая расліна пад забаронай. А некаторыя чыноўнікі дагаварыліся да таго, што хацелі б забараніць нават самі выявы канопляў!
У пачатку ХІХ ст. тавары вывозіліся з нашага края па рэках, найперш па Нёмане. Напрыклад, увесну 1817 г., калі з Нёмана сышоў лёд, па высокай вадзе ў бок Караляўца вырушылі шматлікія караблі. Віціны, паўвіціны і платы везлі да мора збожжа, крупы, тытунь, гарэлку, поташ (дравесны вугаль), сала, льняны алей і… пяньку.
Таямнічая пянька складала вялізную частку экспарта — пянька пасля пярвічнай апрацоўкі, а таксама рагожа (грубая тканіна з пянькі), пяньковыя мяшкі, пяньковая пакля… Што за пянька, якая пастаянна сустракаецца ў гандлёвай статыстыцы і ў XVIII і ў XX стагоддзях?
Пянька — гэта паўфабрыкат, які атрымліваюць з канопляў шляхам часання і трапання. Пянька ўжываецца для вяровак, канатаў і для прадзення пражы для ткацтва.
Галоўным спажыўцом канапляных вяровак з Расіі і з беларускіх земляў была Вялікабрытанія і яе флот. Канаты круцілі з беларускіх канопляў ужо на Туманным Альбіёне, дадаючы да іх толькі адну чырвоную нітку з англійскай воўны — каб па ёй адразу было бачна — канат з’яўляецца ўласнасцю брытанскага ваенна-марскога флота, і той хто яго скраў мусіць быць сурова пакараны. З гэтай чырвонай ніткі і пайшоў літаратурны выраз «чырвонай ніткай праходзіць нейкая там ідэя».
Беларусы вырошчвалі каноплі з даўніх часоў, з канаплянага семя ціснулі алей, а з канопляў ткалі грубую тканіну для розных гаспадарчых патрэбаў. Вельмі доўгі час пянька была яшчэ і засцерагальным сродкам у вайсковай справе. Гэта быў танны даспех (пяньковая вяроўка шчыльна нашывалася на верхнюю вопратку), які мог абараніць ад удара шаблі і нават стрымаць выпушчаную з далёкай адлегласці кулю.
Яшчэ абараняючы Севастопаль у 1855 г. расійскія маракі закрывалі ўмацаванні пяньковымі канатамі, знятымі з караблёў. Ну, а калі аказалася, што каноплі вельмі трывалыя ў салёнай вадзе, то з іх пачалі рабіць карабельны такелаж.
Гандаль пянькой з Расіі, Беларусі і Украіны меў настолькі важнае стратэгічнае значэнне, што нават у Тыльзіцкай дамове паміж Расіяй і Францыяй Напалеон падкрэсліў, што Расія не павінна гандляваць пянькой з Вялікабрытаніяй. Расія за чатыры гады адсутнасці гандлю з брытанцамі сфарміравала дэфіцыт бюджэта ў 150 мільёнаў заплатых рублёў. Таму вайна 1812 года станавілася непазбежнай, не атакаваў бы Напалеон, атакаваў бы Аляксандр І.
У пачатку ХХ ст. канапляводства было важнейшай сферай сельскай гаспадаркі ў вырошчванні тэхнічных культур. На беларускай этнічнай тэрыторыі ў Клінцах функцыянаваў нават канапляводчы тэхнікум, ужо ў савецкі час выдатным канапляводам выдавалі спецыяльныя значкі, друкавалі плакаты з іх партрэтамі.
У 1960-х гг. па СССР пачала распаўсюджвацца наркаманія. Паміж іншым народ масава курыў гашыш з манчжурскай канаплі, якая расла ў паднёваазіяцкіх рэспубліках. З гэтага часу каноплі, у тым ліку і нашы, якія ўтрымліваюць мізэрную колькасць наркатычных рэчываў, пачалі паступова забараняць. З 31 снежня 2016 г. у Беларусі цалкам забаронена вырошчваць і каноплі і снатворны мак, апрача толькі як у навуковых мэтах. Дадзеныя расліны не павінны расці на зямельных участках, а іх уласнікі павінны сачыць за гэтым.
Сёння каноплі - гэтая некалі вядомая кожнаму беларускаму селяніну культура, сустракаецца толькі на старонках крымінальнай хронікі.
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…
Агароджа на мяжы Польшчы і Беларусі дзеліць Белавежскую пушчу на дзве часткі. Па абодва бакі…
Ягор з партнёркай перажылі тры пераезды і вайну, і калі вонкавага лайна стала менш -…
Сто гадоў таму ў Гродне адбылося самае гучнае забойства 1925-га: у цэнтры гораду забілі вядомага…
Напярэдадні Дня святога Валянціна ўсё больш жанчын у свеце адзначаюць Дзень Галентайна - жаночага сяброўства.…
Масленіца ў гэтым годзе прыпадае на 2 сакавіка, а масленічны тыдзень пачынаецца з 24 лютага.…