Кулінарнае падарожжа ў Гродна гурманаў з мінскага LeGourmet club пачалося з “Мядовага шляху” ў Парэччы і скончылася дэгустацыяй самагонкі ў Каробчыцах. За два дні ў нашым горадзе, 1 і 2 ліпеня, сталічныя кулінары наведалі “Кубу”, “Несцерку”, “Кронан”, “Просто кофе” і “Замак Зеваны”. Мэтай падарожжа было знайсці цікавыя і смачныя месцы за межамі Мінска і распавесці пра магчымасці кулінарных падарожжаў па краіне.

“Нельга паабяцаць, што нам усё спадабаецца, – адзначала на пачатку гродзенскага кулінарнага тура Наталля Чаўко, адна з арганізатарак клуба і падарожжа, кіраўнічка дыеталагічнага сервіса “Счастье есть”. – Мы будзем аб’ектыўна падыходзіць да ацэнкі, бо хочам знайці па ўсёй краіне людзей, што не менш за нас любяць гатаваць ежу і натхняюцца кулінарыяй”.
Наша “Эйфелева вежа”
Той факт, што ў Беларусі захаваліся традыцыі дамашняга гатавання, можа стать не меншай адметнасцю краіны, чым Эйфелева вежа для Францыі, лічыць Наталля.
“Нам важна зразумець, што эксклюзіўная дамашняя ежа – гэта тое, чым мы можам ганарыцца. Еўропа ўжо не гатуе. А ў нас гатуюць практычна ў кожнай сям’і. У асноўным гэта жанчыны, але і мужчыны сярод хатніх кухараў ёсць. Палова з іх гатуюць вельмі добра, а палова ад гэтай паловы – проста на ўзроўні сусветных шэфаў”.

Гатаванне такіх кухараў можа стаць крыніцай натхнення і для прафесіяналаў, мяркуе Наталля. Прынамсі, журы першага фестывалю Ле Гурмэ ацаніла яго вельмі станоўча. “Я казала ім, што не трэба адразу ехаць за мяжу вучыцца. Варта спачатку знайсці ў Беларусі такіх людзей, для каторых гатаванне – гэта само жыццё і пераняць спачатку іх досвед”.
Гродна – першы
Пошуку натхнёных ежай асобаў і была прысвечана першая паезка Ле Гурмэ ў рэгіёны. Гродна мінскія гурманы выбралі, як “самы прасунуты і набліжаны да Еўропы беларускі горад”.

У кампаніі, што наведала Гродна, былі прафесійныя кухары, кіраўнікі ўстановаў харчавання, дамашнія кулінары-аматары, блогеры і фуд-фатографы. Многія з іх пішуць пра ежу і смачныя месцы краіны на сваіх сайтах і старонках у сацсетках. “Мы раскажам пра ўражанні будучым вандроўнікам, што збіраюцца ў Гродна”, – абяцае Наталля Чаўко.

Мясцовыя эксперты кепскага не параяць
Каб спланаваць маршрут, аматары кулінарыі і падарожжаў звярнуліся да мясцовых калегаў. “Раней, калі мы самі з мужам ездзілі у гастранамічныя туры, то абавязкова шукалі выхад на мясцовых з асяроддзя, блізкага да харчовай вытворчасці і кулінарыі”, – распавяла Алена Ясюкайтэне, кулінар-энтузіяст.

“Для першага калектыўнага выезду клуба таксама быў патрэбен мясцовы эксперт і мы папрасілі Вольгу Гаўрылік з “Мядовага шляху” стаць нашым гідам. У месцах, якія яна параіла наведаць у Гродне, сапраўды працуюць фанаты сваёй справы – адкрытыя і пазітыўныя. Было вельмі цікава з імі пазнаёміцца і я вельмі задаволена, што мы іх знайшлі”.



