Зараз на Дзевятоўцы месціцца самы вялікі ў горадзе касцёл і будуецца самая высокая царква. Тут жыве больш за 60 000 чалавек, то раён прэтэндуе і на тытул самага вялікага ў Гродне. На 10-м фэсце экскурсаводаў па слядах былой вёскі гараджан правёў гісторык і мясцовы жыхар Міхаіл Нарынкевіч.
Кругом дзявяткі
Апошнія дамкі колішняй вёскі знясуць яшчэ да верасня, то экскурсія – амаль апошняя магчымасць пабачыць былую кінавёску на ўласныя вочы. У лепшым выпадку ад яе застануцца толькі дрэвы з садоў – мяркуецца, што на месцы апошніх сядзібаў будзе закладзены сквер.

Ад самага пачатку гісторыя вёскі звязана з лічбай 9. Паводле легендаў, ці то вёска налічвала 9 двароў, ці то ў мясцовага пана было 9 сыноў. Хаця кіраўнічка школьнага музея Іна Соркіна кажа, што яны знайшлі як мінімум 5 варыянтаў паходжання назвы. Адзін з іх адсылае не да лічбаў, а да дрэва – вятлы. Маўляў, вёска месцілася “дзе вятла”, а пазней стала Дзевятоўкай.
https://hrodna.life/articles/lyataem-nad-dzevyatoukay/
Аднак жа дзявяткі ў гісторыі Дзевятоўкі ўсё роўна былі лёсавызначальнымі.
Раён заснаваны ў 1979 годзе, вуліца Белыя Росы з’явілася ў 2009, а апошнім годам існавання вёскі стаў 2019.

Ад крыжа да крыжа
Дзевятоўка паўтарыла лёс вёскі з фільма “Белыя росы”, які тут здымалі. Зараз ад яе засталося толькі тры неадселеных дома, якія пойдуць пад знос увосень. Таму экскурсію Міхаіл Нарынкевіч правёў “ад першага крыжа да апошняга” – пачынаючы з храмаў, дзе нованароджаных хрэсцяць, скончваючы вясковымі могілкамі, дзе па чалавеку застаецца апошні крыж. Скончылася экскурсія ў музеі вёскі, арганізаваным ў гімназіі №6.
https://hrodna.life/2018/05/27/geroi-belyih-ros/
Манахі, святыя і лялькі
У касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля, які мясцовыя называюць “чырвоным” экскурсію сустрэў Андрэй Урублеўскі з ордэна рэдэмптарыстаў. Ён распавёў гісторыі касцёльных абразоў і скульптураў і паказаў месцы, пра існаванне каторых нават не ўсе ведалі. Аказваецца, у касцёле ёсць аматарскі тэатр. Яшчэ тут месціцца самая вялікая ў Беларусі батлейка. На ёй сабрана некалькі дзясяткаў лялек, якія рухаюцца пад музыку.
А вось чаму пры адной са скульптур пры касцёле месцяцца колы ад цягніка, распавёў Міхаіл Нарынкевіч. Аказваецца, гэта скульптура святой Кацярыны, да якой дзяўчаты могуць звяртацца з просьбай “паслаць двараніна”, бо яна спрыяе шлюбу і сям’і і з’яўляецца заступніцай маладых дзяўчат. Але апроч таго, святая Кацярына апякуецца чыгуначнікамі. А Дзевятоўку на мяжы з Грандзічамі апаясвае чыгунка.
Трыдыцыі Сынкавічаў і Мураванкі
Царква на Дзевятоўцы мае быць самай высокай у горадзе і будуецца ў стылі абарончых храмаў. Зараз у Беларусі засталося толькі дзве такіх царкввы – у Сынкавічах і ў Мураванцы. Храм на Дзевятоўцы будзе трэцім. На ўжо узведзеных сценах відаць вузкія вокны, што нагадваюць байніцы.
Аўтар праекта – архітэктар з Польшчы Ежы Усціновіч, выкладчык Беластоцкай палітэхнікі. Па словах настаяцеля храма, Уладзіміра Асадчага, храм такога кшталту для Гродна “мадэрновы” і пакуль нязвыклы. “Але ж калісці і храм Васіля Блажэннага быў мадэрновым, а зараз стаў помнікам архітэктуры”, – кажа бацюшка.
Знешнія сцены царквы робяць з жоўтай клінкернай цэглы, якую прывозяць з Эстоніі. Меркаваннем Міхаіла Нарынкевіча, такі колер храма нібы дае адсылку да цаглярні Друцкіх-Любецкіх, што таксама месцілася на тэрыторыю сучаснага мікрараёна Дзевятоўка, каля аўтаразвязкі вуліц Брыкеля-Дзяржынскага.
Дзевятоўскія могілкі – адны з самых старых у акрузе. Найдаўнейшыя пахаванні тут датуюцца 1894 годам. З прозьвішчаў самыя распаўсюджаныя – Пляга і Саўко. Дубу, што расце на ўзмежжы, не менш за 150 гадоў, лічыць Міхаіл Нарынкевіч.
Застануцца толькі пахі

Вёска захаваецца толькі ў музеі мясцовай гімназіі №6. Па словах кіраўнічкі музея, Іны Соркінай, тут можна будзе не толькі прасачыць гісторыю вёскі і горада, але і адчуць пахі былога Гродна.
Свечкамі і ладанам пахлі храмы, зёлкамі – аптэкі, глінаю – цаглярня і кафлярня, газетамі – друкарні, а карыцай і кавай – цукерні і кавярні.
Шмат рэчаў у музей прынеслі жыхары Дзевятоўкі. Адным з апошніх сталі шыльды з вуліцы Дзевятоўка, каторая сёлета скончыць сваё існаванне.
https://youtu.be/mVe-t2dB3yY












