Да Міжнароднага жаночага дня мы ўзгадалі восем гродзенак, якія не толькі радуюць свет сваёй прыгажосцю, але і змяняюць яго да лепшага. Гэта матэрыял быў апублікаваны ў 2018 годзе. Тут чытайце абноўлены артыкул 2020 года.
Ганка Барадзіна
Працуе ў грамадскім аб’яднанні «Цэнтр «Трэці сектар». Там Ганка стараецца палепшыць якасць жыцця сталых людзей ва «Універсітэце Залатога Веку» ды развіваць міжнароднае валанцёрства ў праграме European Voluntary Service. А яшчэ Ганка валанцёрыць на партале аdukacyja.info, дзе ты можаш даведацца, як, дзе і чаму павучыцца беларусам.
Менавіта Ганка арганізавала канферэнцыю TEDx у Гродне, каб маладыя людзі падзяліліся сваім досведам і натхнілі іншых. Ганка катаецца на ровары, шмат усміхаецца і называе сябе «валанцёрам галаўнога мозгу».
Юлія Каляда
Зараз Юлія — старшыня аб’яднання «ВелаГродна». Там яна займаецца папулярызацыяй ровара як экалагічнага віду транспарту, змагаецца за развіцце велаінфраструктуры ў горадзе і наогул выступае за тое, каб мы ўсе былі здаровенькія.
Алена Майсюк
Алена займаецца рамесніцтвам і прасоўвае экалагічны лад жыцця. А таксама змяняе горад да лепшага. Дзякуючы ёй на Вішнеўцы з’явілася пляцоўка для выгулу сабак. Зараз там ёсць лесвічкі, бар’еры, лабірынты ды іншыя прыстасаванні для трэніроўкі сабак.
Ганна Яшына
Ганна перасоўваецца на інвалідным вазку, але гэте не перашкаджае ёй падарожнічаць і займацца актывізмам у ініцыятыве «Антибарьер». Гэта ініцыятыва, якая даследуе, наколькі гарадская інфраструктура прыстасаваная для перамяшчэння людзей з абмежаванай мабільнасцю.
Таксама «Антибарьер» разважае аб псіхалагічных бар’ерах, праводзіць кінапаказы, сустрэчы і інклюзіўныя пешыя паходы.
Лана Руднік
Лана — дырэктарка ўстановы «Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый» і кіраўніца праграмы «Універсітэт Залатога Веку». Дзякуючы ёй сталыя людзі ў Гродне могуць наведваць каля 50 навучальных курсаў, інтэграцыйныя сустрэчы і лекцыі.
Жэня Рамановіч
Дзякуючы ёй у Гродне з’явілася творчая прастора «ДОМ46». Там можна навучыцца танцаваць hip-hop, house dance, breaking, contemporary, ballet, заняцца капаэйрай, наведаць лекцыі, прэзентацыі, спектаклі і творчыя сустрэчы.
Анастасія Роўба
Наста займаецца фаер-шоў і ўжо пяць гадоў арганізуе Біг-міні-фестываль вулічнага мастацтва. Ад канцэрту за 100 долараў ён вырас да вялікага фестывалю, які збірае ўдзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы і Літвы.
На фестывалі выступаюць вулічныя музыкі і тэатры, жывыя статуі, скейтары, ролеры, BMX-ры, джамперы, мімы, хадулісты, брэйкдансеры, чэрлідары і іншыя танцоры.
Ганна Цімошына
Ганна займаецца вертыкальным азеляненнем інтэр'ераў. Яна цікавіцца урбаністыкай і плануе дабраўпарадкаваць асобныя раёны горада. Магчыма, хутка «шэрыя» зоны на яе роднай Дзевятоўцы стануць зяленымі, і жыць у гэтым мікрараёне стане ўтульней.
Якіх яшчэ гродзенак, што робяць наш горад лепшым, варта ўзгадаць? Пра каго мы забыліся? Напішыце ў каментарыях!