Як працуе і пра што думае гродзенскі рэстаўратар, які бачыў Матку Боску без сарочкі і штодня вітаецца з апосталамі, даведаўся Hrodna.life.
Майстэрня рэстаўратара Уладзіміра Кіслага - гэта месца, дзе жывуць побач незвычайныя рэчы і цікавыя гісторыі. У «аrbeitraum», рабочай прасторы, як ён сам гэта месца называе, сустракаюцца святары розных канфесій і навукоўцы-атэісты, а побач з іконай можна пабачыць статуэтку аголенай дзяўчыны, кавалак цэглы ці часалку для льну са свіной шчаціны. «Тут у мяне па-кавалерску. Адвольная абстаноўка хіба ўсім падабаеццца, хаця ва ўласным жыллі людзі робяць чамусьці стэрыльныя бальнічныя палаты».
«Я чалавек гаваркі, хаця люблю і памаўчаць. Праз „супахлябацель“ шмат энергіі сыходзіць», — хітравата папярэджвае Кіслы на пачатку сустрэчы. Яно і зразумела — навошта майстру спрачацца ў красамоўстве са сваёй майстэрняй. Тут кожная рэч сама распавядае пра гаспадара — застаецца толькі прыслухацца.
Гэта майго дзеда, Сідара Кіслага, часалка для льну, ён такія плёў. Імі самыя далікатныя валокны вычэсвалі. У жывых я дзеда не застаў. Ад яго ў мяне прозвішча, гены ды вось гэты прадмет. Сяляне ж нічога не захоўвалі.
Помню, як у Мінск з’язджаў, папрасіў бацькоў захаваць пакет сваіх школьных сшыткаў, занёс на паддашша. А як вярнуўся, то толькі адзін знайшоў, з першага класа. Там малюнкі былі, таму яго пакінулі. На малюнках — Ленін, і я ў будучыні. Астатнія скарысталі, бо не было чым распальваць печ. Дзіўныя яны, нашы беларусы.
Народнікі ХІХ стагоддзя, што апісвалі наш нацыянальны характар, казалі, што «скрытнасць беларусаў для іх найвялікшая дабрадзейнасць. І чым разумнейшы беларус, тым больш глупым ён будзе падавацца суразмоўцу».
Мой дзед служыў у войску польскім, быў у Расіі і нават на Пуцілаўскім заводзе працаваў. Умеў і па-руску і па-польску. А вось гляджу яго ваенны білет, выданы за саветамі. Напісана — «беларус, родной язык белорусский. Не служил, не был, не видел, не контужен, не знает, другими языками не владеет».
То можа мы бесхарактарныя? Але з іншага боку, мо і не было б ужо беларусаў, каб не гэта мімікрыя, здольнасць у любых умовах выжываць.
Гадоў 36 ужо рэстаўрацыяй займаюся. Навучаўся некалі кансервацыі і рэстаўрацыі алейнага жывапісу на палатне. Потым асвоіў і іншыя галіны гэтай дзейнасці. Даводзілася ўсе рабіць — кнігі, скуру, мэблю, тэмперныя іконы на дошках. Натуральна, што яны знаходзяцца ў храмах, таму непазбежны кантакт з касцёлам і царквой.
Колькі гадоў таму рэстаўраваў Матку Божую Кангрэгацкую з Фарнага касцёла, рабіў кансервацыю і прафілактыку. Вядомы абраз, цудадзейны. Верагодна, што я першы яе разбіраў цалкам. Там былі элементы, да каторых ніхто не дакранаўся 300 гадоў. Але я мусіў перад каранацыяй у 2005 годзе ўсе разабраць да дэталяў. Здымаў нават шату, ці, як кажуць, сарочку. Гэта ўвесісты такі кавалак золата. Знайшліся праз тое многія цікавыя для гісторыкаў мастацтва рэчы. Скажам, надпісы з тыльнага боку.
Гадоў 10 таму рамантавалі фасады Бернардынскага касцёла і фігуры апосталаў здымалі на рэстаўрацыю. Яны такія велізарныя, што ні ў майстэрню з імі, анідзе. І разбураны былі моцна. У Антонія рукі не хапала, у дзіцяці - паловы твару не было. Працаваў з імі проста ў дворыку музея. Вярнуў да жыцця, закансерваваў.
Часам праходжу каля Бернардынскага касцёла — зіма, пурга, толькі крыж паблісквае. Кажу, «што, братцы, як там, холадна?» А потым азіраюся, каб хто не бачыў.
Гады тры-чатыры таму прыйшоў да мяне прыяцель і расказаў гісторыю. Яго жонка з сяброўкай пайшла прагуляцца ў Пышкі і «шчоўкнула» прыяцельку на просценькую мыльніцу. На здымку аказалася клякса, як сталі павялічваць, з’явілася выява дзіцяці. Пра такое кажуць — хронаміраж.
Я за флэшку — і да ксяндза, каторы экзарцыст. Той сказаў, што гэта незаспакоеная душа, што не адзінкавы выпадак. Маўляў, у Пышках і расстрэлы былі, і бамбардзіроўкі. То што мы зрабілі - папрасіў ён мяне рана прыйсці, пабыць памагатым, пакуль правядзе ў тым месцы набажэнства.
Патлумачыць гэту з’яву да канца я не магу. Я не схільны да рознага рода прымхаў і не рэлігійны чалавек у такім агульнапрынятым сэнсе. Я свецкі гуманіст, будзем так казаць, але веру ў такія рэчы. Веру, што хай не ў антропаморфнай форме, але душа існуе.
Я маляваў на дошках з абломкаў, што знаходзіў часам у разбураных цэрквах і касцёлах, на дошках, выкапаных падчас раскопак. Пытаўся ў спецоў, ці гэта з майго боку не блюзнерства. Кажуць, калі даеш другое жыццё, то не, нічога кепскага.
Ну і звоніць мне сябра аднойчы, у каторага мая карціна ёсць, там гродзенскі замак на адной з такіх дошак намаляваны. Кажа, нешта дзіўнае творыцца. На дрэве штораніцы з’яўляюцца кропелькі.
Мо, пытаюся, кветкі палівалі, ды пырснулі выпадкова? Але не. Няма там ні кветак, ні нават графіна з вадой. Прыехаў сам паглядзець — і праўда кроплі. Хаця дошка старая і сухая. Вільгаці ў ёй ужо аніяк не можа быць, ні вады, ні смалы. Паспрабаваў на смак — салёныя.
Чаму тое адбывалася і адкуль тая дошка паходзіла — ніхто не ведае. Можам толькі здагадвацца.
А наконт магіі, то неяк прачытаў, што няма магіі чорнай, белай ці шэрай. Магія ўся аднолькавая. І займацца ёй — тое самае, што прыадчыніць дзверцы тэрмаядзернага рэактара, каб паглядзець, што там робіцца.
Мне непатрэбных рэчаў шкада. Скажам, прыгожы гузік, ці паламаная брошка — як выкінуць? Кідаю ў шуфлядку, «у закрама». Ёсць, канешне, і такія людзі, каторыя ўсе выкідваюць, але я да іх не належу. Хаця і плюшкіным сябе не назваў бы. Я гэтыя рэчы сябрам раздаю, як каму што спадабаецца.
Гэту кампазіцыю называю «Гняздо сарокі». Тут нібы тая шуфлядка з непатрэбнымі дробязямі, але навыварат. Адзін архітэктар так будынак зрабіў. Звычайна фасады гладкія, а камунікацыі схаваныя. А ён пабудаваў наадварот. Размясціў камунікацыі звонку, але зрабіў гэта прыгожа. Калі зроблена дасканала, то гэта не выклікае супраціву. І бывае, што праз тое канструктыўны элемент пераходзіць у дэкаратыўны.
Падобна да ордэна? Не, гэта я школьнікам сабе медальён зрабіў. Была ў мяне манета — 50 мільёнаў марак. За яе на той час мо і куфля піва было не купіць, такая была інфляцыя. Хадзіла манета па руках у дзяцей, не помню ўжо, на што яе выменяў. Апіліў напільнікам, аздобу з кары таполі выразаў. Колькі сябе памятаю, нешта выразаў, пакуль малым каровы пасьвіў.
А сапраўдныя ўзнагароды таксама ёсць.
Польскі ўрад адзначыў нас з Аляксандрам Мілінкевічам, яго сынам і Міхасём Ткачовым за тое, што ў 1989 годзе мы знайшлі крыпту караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Палякаў уразіла, што знайшоўшы, чатыры беларусы не разбурылі нічога, а праз міністэрства перадалі польскаму боку.
Да Вавеля, праўда, няшчасны той Стась так і не даехаў, пахавалі яго ў Воўчыне, дзе быў фамільны маёнтак. А нас палякі паклікалі ў Варшаву і ўрычылі «Заслужоных для культуры польскай». Беларускую ўзнагароду «За ўклад у развіццё культуры» таксама маю. Спытаў неяк у аднаго з кіраўнікоў, што тая узнагарода дае. Можа, нагой дзверы адчыняць можна, ці на чырвонае святло праязджаць. Той сказаў - «почёт». Гонар значыць. То ганаруся.
Быў я ў Амерыцы ў дачкі. Потым пыталіся, чаму вярнуўся. Але як не вярнуцца? Згубіць разам усё сваё асяроддзе, у якім ты жывеш, чаго б ты нават і не хацеў часам бачыць, сваіх сяброў, сваю дачу, сваю прывычную абстаноўку — гэта не сур’ёзна проста.
Калі сядзеў на цёплым беразе Атлантыкі, лавіў сябе на тым, што вяртаўся б сюды незалежна ад абставінаў, войнаў ці катаклізмаў - любой цаной. Я цяпер магу зразумець булгакаўскі «Бег», як людзі кідаліся ў ваду з караблёў.
Патрыятызм, на маю думку, настолькі далікатнае, пяшчотнае, інтымнае пачуццё, як каханне. Як многія рэчы, пра каторыя не абавязкова крычаць і нават гаварыць. Слова «патрыятызм» пры ўсёй сваей далікатнасці для мяне не абстрактнае. Гэта даволі канкрэтныя рэчы. Тая мясцовасць, дзе я нарадзіўся, тыя сцежкі, па каторых хадзіў дзіцём, кавалак цэглы ад маёй разбуранай школкі. Калі на душы прыкра і прыедзеш туды, спусцішся да берага Нёмана, паходзіш, наступае нібы абнуленне.
Я б не заключаў патрыятызм у нейкія адміністрацыйныя межы, бо не ўпэўнены, што Віцебск люблю больш, чым Варшаву. У Віцебску я ні разу не быў, а з Варшавай звязаны шмат добрых рэчаў у жыцці. І я не упэўнены, што Чачэрск мне больш блізкі, чым Сакулка. Проста ёсць нейкая пэўная сфера, каторая мне дарагая і каторую я не змог бы страціць.
Адносна патрыятызму, настальгіі, пытанняў сэнсу жыцця і смерці я шмат зараз думаю. З гадамі мімаволі да таго даходзіш. Гэта непазбежнасць, і гэта цікава. Навошта жыве чалавек, навошта сам працую? Напэўна, каб атрымаўшы нешта на гэтым свеце, пакінуць яго пасля сябе трошкі лепшым.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…