У ноч з 28 на 29 лістапада 1961 года ўзарвалі самы стары каталіцкі храм Гродна — Фару Вітаўта. Гэты касцёл з часам стаў сімвалам бессэнсоўнага знішчэння спадчыны, а ідэі аб яго аднаўленні гучалі не раз пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці. Hrodna.life шмат пісаў пра знакамітую святыню, якая, парадаксальна, стала сімвалам Гродна менавіта праз сваю адсутнасць у горадзе. І хоць большасць жыхароў горада не маглі бачыць Касцёла на ўласныя вочы, чуў пра яго кожны.
Ніжэй мы сабралі спасылкі на самыя цікавыя і важныя матэрыялы пра Фару Вітаўта, якія рыхтавалі і публікавалі ў розныя гады.
Хто «прыдумаў» Фару Вітаўта?
Фара Вітаўта — назва папулярная, але не афіцыйная, амаль што народная. Афіцыйна храм стагоддзямі называўся Касцёлам Найсвяцейшай Панны Марыі, у царскія часы быў Сафійскім саборам, а ў міжваенны час — гарнізонным Касцёлам. Адкуль тады назва «Фара Вітаўта»? Самы першы касцёл на гэтым месцы, яшчэ драўляны, пабудаваў вялікі князь Вітаўт дзесьці ў самым канцы XIV ст. Але той будынак, што вядома нам, быў узведзены ў 1584−1587 гг. па замове Стэфана Баторыя.
Адкуль жа ўзялася назва «Фара Вітаўта»? Яе ў міжваенны час прапанаваў гісторык Юзаф Ядкоўскі - той самы, што стварыў музей у Старым замку. У гісторыі храма яшчэ хапае малавядомых фактаў. Пяць самых цікавых пералічыў гісторык Мечыслаў Супрон.
Фара Вітаўта — гэта Фара Баторыя?
Стэфан Баторый будаваў свой каменны касцёл не дакладна на месцы драўлянага касцёла Вітаўта, а побач з ім, так што нейкі час два касцёлы стаялі адзін каля другога. Потым стары драўляны храм разабралі. Баторый зрабіў свой касцёл падарункам для езуітаў і яшчэ і апошнім прытулкам для сябе. Кароль хацеў быць пахаваны ў Гродне, менавіта ў тым касцёле, які спансаваў.
У пачатку 1584 г. кароль у прыватнай гутарцы сказаў італьянцу Кампана пра Гродна: «Мне гэты горад і для жыцця, і для вечнага адпачынку найбольш дарагі». Тут ён і памер у снежні 1586 г. і нейкі час — каля года з паловай — праляжаў у падвалах Фары Вітаўта. Але потым караля перавезлі ў Кракаў, дзе традыцыйна хавалі польскіх манархаў.
Па адной з версій, сэрца караля перад пахаваннем было аддзелена ад рэшткаў цела і, магчыма, так і засталося ў Гродне. Хто ведае, можа урна з сэрцам Баторыя і сёння ляжыць дзесьці ў зямлі, у падмурках знішчанай Фары?
Фара Вітаўта не раз станавілася ахвярай гарадскіх пажараў. Напрыклад, у 1793 годзе полымя настолькі моцна пашкодзіла храм, што нават сама назва «Фарны» — гэта значыць парафіяльны — перадалі былому касцёлу езуітаў, які носіць яго і сёння.
Фара Вітаўта — гэта тры розныя будынкі?
Самы першы храм, які пабудавалі ў ваколіцах 1392 г. па загадзе Вітаўта, згарэў у другой палове XV ст. у 1494 г. За праўленне Аляксандра Ягелончыка на месцы знішчанага пажарам касцёла быў пабудаваны новы драўляны. Яго выгляд нам вядомы па гравюры Адэльгаузера-Цюндта (1568 г.), а яшчэ мы ведаем, што яго фінансава падтрымлівала каралева Бона Сфорца. Трэці храм, які фінансаваў Баторый, быў узведзены ў 1587 г. і прастаяў да 1961 г. ён гарэў, аднаўляўся і перабудоўваўся не раз, а нават паспеў пабыць праваслаўным Сафійскім саборам ў XIX ст.

Што ж аб’ядноўвае ўсе тры будынкі? Тое, што ад пабудовы першага і да канчатковага знішчэння апошняга ўвесь час тут існавала тая ж парафія з такой жа назвай — Найсвяцейшай Панны Марыі.
Як Фара Вітаўта стала той, якую мы ўсе ведаем
У 1804 г. царскія ўлады перадалі касцёл праваслаўным, але амаль да канца стагоддзя царква захоўвала рысы, характэрныя для заходняга культавага будаўніцтва. У 1892 г. будынак згарэў і яго грунтоўна перабудавалі - да 1898 г.паўстаў вядомы па многіх старых фота велічны Сафійскі сабор. Быў ён такім не так ужо і доўга — у канцы 1918 г. тут прайшла апошняя праваслаўная літургія. Храм вярнулі каталікам і, каб пазбавіцца ўсходняга стылю ў архітэктуры, яго двойчы перабудавалі: у 1923 і 1935 гг. Перабудова лічыцца няўдалай — храм займеў неараманскія і неагатычныя рысы, якіх ніколі раней не меў. Затое менавіта такое аблічча Фары Вітаўта і сёння ведаюць ледзь не ўсе гродзенцы.

Дарэчы, сёе-тое з праваслаўнага напаўнення храма захавалася. Так, некаторыя абразы з Сафійскага сабора сёння вісяць у Свята-Пакроўскім саборы на Ажэшкі.
Захавалася і сёе-тое з каталіцкага інтэр'еру. Самы вядомы след Фары Вітаўта — арган Віленскай фабрыкі Вацлава Бярнацкага, які сёння штодня грае ў Кафедральным саборы (Фарным касцёле). Пра інструмент кажуць, што знакаміты майстар Бярнацкі збудаваў яго ў 1937 г. менавіта для Фары Вітаўта. Але праз тое, што падчас II Сусветнай вайны дах касцёла быў пашкоджаны бомбай, у 1942 г. арган перанеслі ў суседні храм. Цяпер ужо цяжка высветліць дакладную гісторыю інструмента, але гісторыя з яго пераносам здаецца праўдападобнай.
Кажуць і пра адзін з крыжоў з Фары, які, нібыта, захоўваецца ў адным з касцёлаў Шчучыншчыны.
Фара Вітаўта была безумоўнай дамінантай у гарадской прасторы. Без яе краявіды Гродна — што з занёманскага боку, што з усіх іншых магчымых аглядаў кропак — выглядаюць пуста і сіратліва, быццам страцілі нешта вельмі важнае.
Як мы страцілі Фару Вітаўта
Пасля Другой сусветнай вайны Гродна апынуўся ў межах СССР — дзяржавы атэістычнай, у якой велічны храм у цэнтры горада калоў вочы чыноўнікам. Службы ў касцёле больш не праводзіліся, ён выкарыстоўваўся як склад. У гарадскіх уладаў былі планы зрабіць у будынку шырокафарматны кінатэатр або спартзалу, але ў выніку храм вырашылі знесці.
Фару Вітаўта ўзарвалі ў ноч з 29 на 30 лістапада 1961 года. Рэшткі храма вывозілі праз вуліцу Гарнавых у раён забудовы дамоў на Суворава. Там калісьці было балота, а ў 1960-х пачалі будаваць дамы. Пасля расчысткі завалаў у цэнтры Гродна на месцы храма з’явіўся сквер. Але і праз дзесяцігоддзі пасля зносу падчас земляных работ у скверы знаходзяць фрагменты будынка або косткі людзей, некалі пахаваных ля святыні.
У 2019 годзе Hrodna.life атрымалася пагаварыць з Уладзімірам Тупаўскім — чыноўнікам, які ў 1961 годзе быў старшынёй камісіі па зносе Фары Вітаўта. І праз 58 гадоў пасля тых падзей Уладзімір Іванавіч быў перакананы, што будынак не меў ніякай каштоўнасці для горада: ні духоўнай, ні архітэктурнай. І наогул, гэта быў ужо нібыта і не касцёл.
«Узрывалі мы не касцёл, а той, хто гэта кажа — вырадак. Палякі перабудавалі наш праваслаўны сабор у ваенны касцёл — у жылы дом, можна сказаць. Трэба гісторыю ведаць глыбока. Усё гэта глупства, нават не варта псаваць паперу на гэта. А вуліца Савецкая раней была Саборная, бо вяла да праваслаўнага храма. Так што зносілі мы ў 1961 годзе страшыдла, а храм быў раней, і ён быў прыгажуном», — казаў Тупоўскі ў інтэрв'ю Hrodna.life.
Пасля знішчэння Фары Вітаўта вернікі Гродна баяліся, што такі ж лёс чакае і Фарны касцёл, таму пачалі вартаваць яго днём і ноччу. Прыязджалі вартаваць нават людзі з суседніх вёсак. А потым нехта нібыта патэлефанаваў у выканкам з пагрозай падарваць мост у якасці помсты за Фару. Перапалоханыя чыноўнікі ўвесь наступны год трымалі на Старым мосце ахову.
У апошнія гады існавання Фара Вітаўта мела дзіўных суседзяў. Яна стаяла якраз на плошчы, што пасля вайны атрымала назву Савецкая, па якой штогод у камуністычныя Святы хадзілі саветы, а на будынках вывешваліся партрэты пралетарскіх лідараў. Не дзіўна, што доўгім такое суседства быць не магло.
Фара Вітаўта як крыніца канфліктаў
Гісторыя Фары Вітаўта і перспектыва яе аднаўлення — тэмы даволі спрэчныя і канфліктныя. Шмат гродзенцаў былі бы радыя, каб помнік архітэктуры адбудавалі. З іншага — не зусім ясна, што там павінна быць і каму ён павінен належаць. Здараецца, што гісторыю храма наогул спрабуюць перапісаць.
У 2014 г. на месцы знішчанага храма адкрылі помнік. Ён выглядае як кавалкі разбуранай святыні з каталіцкім і праваслаўным храмам. На помніку ёсць шыльда з інфармацыяй, што спачатку тут быў каталіцкі касцёл, потым царква, а потым зноў касцёл. Як ён знік, няма ні слова.
Раней у тым жа месцы грамадскія актывісты не раз ставілі крыж або інфармацыйны стэнд, але ўлады кожны раз прыбіралі «нелегальныя» знакі памяці.
З самога ўстанаўлення афіцыйнага знака знайшліся тыя, хто яго крытыкаваў за… недастатковую праваслаўнасць. Маўляў, яшчэ да драўлянай Фары Вітаўта ў XIV ст.тут была праваслаўная царква Успення Прасвятой Багародзіцы з пахавальняй рускіх князёў. Але ні пісьмовыя, ні археалагічныя крыніцы такой версіі не пацвярджаюць.

Ці дачакаемся вяртання Фары Вітаўта?
Размовы аб магчымым аднаўленні страчанага помніка архітэктуры вядуцца даўно. Але сёлета ўпершыню такі тэзіс з’явіўся ў афіцыйным дакуменце. «Белндіпгорадабудаўніцтва» распрацаваў план рэгенерацыі гістарычнага цэнтра Гродна як частку дэталёвага плана цэнтра горада. І ў ім мы знайшлі шмат цікавых прапаноў.
Аўтары праекта прадугледзелі аднаўленне на Савецкай плошчы некалькіх гістарычных будынкаў. Сярод іх — Фара Вітаўта.
«Аднаўленне культавых збудаванняў - балючая тэма. Асабліва, думаю, яна балючая ў Гродне. Зразумела, што каталікі хацелі б бачыць Фару Вітаўта, якой яна была пабудавана першапачаткова, каталіцкай, праваслаўныя хацелі б бачыць тут праваслаўны манастыр, — расказаў адзін з аўтараў плана архітэктар Антон Пятрухін. — Але, напэўна, усе пагодзяцца з тым, што гэты будынак з’яўляецца культавым не ў рэлігійным сэнсе, а ў плане свайго значэння для Гродна. Таму ў праекце мы кажам, што гэты аб’ём варта было б аднавіць. Але, безумоўна, павінен быць грамадскі кансэнсус. Мы не возьмем на сябе паўнамоцтвы, каб вырашаць, што канкрэтна тут павінна быць».
Гэта значыць, у плане прапануецца аднавіць Фару не як культавы будынак, а як архітэктурную дамінанту. Разам з ратушай і былым палацам Радзівілаў яна верне Савецкай плошчы гістарычны выгляд. Аднак трэба памятаць, што распрацаваны план рэгенерацыі - гэта толькі рэкамендацыя, да якой мясцовыя ўлады могуць і не прыслухацца.
Фара Вітаўта на здымку фатографа Паддубскага, 1937 г. Храм за больш чым пяць стагоддзяў існавання мяняў выгляд не раз, але вось гэты, самы апошні яго аблічча, сёння найбольш вядомы.
У канцы — бонус для нашых чытачоў. Гэтае вулічнае апытанне на тэму Фары Вітаўта мы запісалі 27 лістапада 2015 года — за год да таго, як наогул стварылі Hrodna.life. Паглядзіце, а раптам пазнаеце сябе ці сваіх знаёмых.







