3 студзеня супрацоўнікі Цэнтру адпачынку і развіцця «Партал» адзначылі не толькі Новы год, а і ўласны Дзень нараджэння. «Партал» існуе ўжо два гады, развіваецца і мае вялікія планы на будучыню. Hrodna.life сабраў шэсць дасягненняў гродзенскага антыкафэ за два гады працы.
Калі для вас словы «Alias», «Magic: the Gathering», «Hearthstone» нічога не значаць, то ведайце — для кагосьці гэта важная частка жыцця! Вы заўсёды можаце далучыцца: па тэматычных гульнях «Партал» праводзіць адукацыйныя гульнятэкі для навічкоў. А пазней можна паўдзельнічаць і ў турнірах для профі. Больш простыя гульні можна асвоіць падчас начной гульнятэкі па пятніцах, з якой усё пачалося і якая паспяхова працуе ўжо шосты год. Таксама «Партал» праводзіць выяздныя гульнятэкі для дабрачынных мерапрыемстваў ці карпаратываў.
Гуляць у настолкі вельмі карысна: гэта здымае стрэс, дазваляе «пракачаць» лідарскія здольнасці і прымерыць на сябе нечаканыя ролі. Часам па гульні даводзіцца бязбожна хлусіць ці забіваць праціўніка. Таму, як кажуць, што было на гульні, застаецца на гульні.
«Партал» збірае вакол сябе аматараў настольных гульняў, маладых мам, актыўных падлеткаў і маладых людзей, валанцёраў і аматараў самаразвіцця. На мерапрыемствах тут можна знайсці аднадумцаў і сяброў. «Парталу» можна прапанаваць сваё захапленне ці хобі і знайсці падтрымку. Ці прыяднацца да іншых ініцыятываў, якія ўжо існуюць.
Прыцягваючы новую аўдыторыю і падтрымліваючы старую, «Партал» не дае згаснуць шматлікім добрым ініцыятывам. Напрыклад, шведскія гурткі АБФ, сустрэчы аматараў «складаных» настолак «Настольны хардкор» або клуб усходняй гульні Маджонг.
Класна адпачываць можна і без алкаголю. Начная гульнятэка з гарбатай і пячэнькамі - добрая альтэрнатыва пятнічнаму вечару ў бары. Пэўны час у «Партале» працаваў «Чайны пакой», дзе можна было пакаштаваць элітныя гатункі гарбаты, такія як пуэр і малочны ўлун.
Здаровы лад жыцця — гэта яшчэ і ментальнае здароўе. «Партал» прапануе шмат варыянтаў самаразвіцця: ад прагляду тэматычных фільмаў на складаныя тэмы да цыклу семінараў па філасофіі жыцця.
«Партал» рэгулярна праводзіць дабрачынныя гульнятэкі для Гродзенскага дзіцячага хоспісу і цэнтру «ПОРА». Такія гульнятэкі аб’ядноўваюць здаровых дзяцей і дзяцей з асаблівасцямі. Таксама хоспісу можна дапамагчы грашова, пакінуўшы ахвяраванні ў скрыньцы, якая знаходзіцца ў памяшканні «Партала».
Нядаўна ў антыкафэ прайшоў прагляд і абмеркаванне фільма «Klatki» ад зааабарончай арганізацыі «Адчыненыя клеткі». «Партал» падтрымлівае экалагічныя акцыі «Гадзіна зямлі» і «Дзень без аўтамабіля». У антыкафэ амаль не выкарыстоўваюць аднаразовы посуд, а на сценах вісяць «нагадвалкі»: пра тое, што не варта кіпяціць шмат вады для аднаго кубка гарбаты і не варта выкарыстоўваць пральную машыну дзеля дзвюх маек. У «Партале» таксама можна пакінуць выкарыстаныя батарэйкі.
Калі вы хочаце правесці канцэрт, лекцыю, майстар-клас, трэнінг, сустрэчу, «Партал» прадаставіць прастору, дапаможа з арганізацыяй і рэкламай, а таксама з пошукам удзячнай аўдыторыі. Апошнім часам у антыкафэ выступалі ініцыятыва Legalize Belarus, гурт One More Ocean і прайшла навукова-папулярная гутарка «Сучасныя формы сямейна-шлюбных адносін». На базе «Партала» запрацавала першая ў Гродне акторская школа і мерапрыемства для мастакоў і аматараў «Sketch Day».Пазнаёміцца з дзейнасцю антыкафэ можна падчас мерапрыемства «Адкрыты Партал», калі супрацоўнікі расказваюць пра ўсе віды сваёй дзейнасці.
Лічыцца, што складана выбраць падарунак менавіта мужчыну - мужу, сыну, бацьку, партнёру ці сябру. Сітуацыя…
Беларус Алекс Вазнясенскі наведаў Навагрудак як турыст. Мужчыну ўразіла, што горад з багатай гісторыяй знаходзіцца…
Рэстаране-кафэ “Нёманская віціна” ў выглядзе ладдзі - частка канцэпцыі новай гродзенскай набярэжнай, якую абмеркавалі ў…
Аляксей Кажэнаў з'ехаў з Мінску ў 1998-м годзе. Ён атрымаў працу ў Google, стаў дыяканам…
Слэнг пастаянна змяняецца - у апошні час пад ўплывам TikTok. Зразумець яго адразу і ўвесь …
Кожны месяц 22 тоны кававага зерня выязджаюць з Гродна, каб патрапіць на запраўкі па ўсёй…