Гродзенскі тэатр лялек лічыцца найстарэйшым тэатральным будынкам краіны, які застаецца тэатрам да нашых дзён. Многія краязнаўцы і гісторыкі звязваюць яго заснаванне з прадпрымальным гродзенскім старастам Антоніям Тызенгаўзам. Сляды дзейнасці Тызенгаўза можна ўбачыць у Гродне і сёння. Праз тое і сучасны тэатр лялек часта называюць «тэатрам Тызенгаўза».
Але ці так гэта насамрэч? Расследванне тэатральнай гісторыі правёў для Hrodna.life гродзенскі краязнаўца і блогер Яўген Аснарэўскі.
Міф 1. Тэатр пабудаваны ў 1772 годзе
Доля праўды: Тэатр Тызенгаўза сапраўды дзейнічаў яшчэ ў 70-я гады XVIII стагоддзя. Прадпрымальны магнат быў неабыякавы да мастацтва і ўтрымліваў вялікую колькасць артыстаў балета, спевакоў, музыкаў і іншых творчых асоб, чыя праца высока шанавалася ў тую вытачанную эпоху. Вялікая колькасць таленавітых працаўнікоў графа былі родам з Італіі. Да прыкладу, знакамітая ў тыя гады спявачка Ганна Давiа, якая пасля працы ў Гродне стала сапраўднай опернай зоркай Пецярбурга і уладарніцай сэрцаў тамтэйшых дзяржаўных мужоў.

Міф 2. Архітэктарам тэатра быў Iаган Мёзер
Доля праўды: Насамрэч, Мёзер з Тызенгаўзам пэўны перыяд адначасова жылі і працавалі ў Гродне. З тагачаснай мясцовай забудовы да аўтарства Мёзера адносяць Дом лясной адміністрацыі.
Чытай таксама: У Гродне выявілі стары склеп каля будынку 18 стагоддзя. Яго не было ў праекце
Уся праўда: Архітэктар пакінуў Гродна яшчэ ў 70-х гадах XVIII стагоддзя. Хадзілі чуткі, што ён не змог вытрымаць буянага нораву Тызенгаўза і нявыплаты заробку. Надалей асноўным дойлідам Тызенгаўза стаў Джузэпэ дэ Сака. Такім чынам, удзел Мёзера ў будаўніцтве тэатра не знаходзіць пацверджання, а вось аўтарства Сака, які жыў у Гродне да самай смерці ў 1798 годзе, выглядае вельмі верагодным.
Міф 3. У будынку тэатра лялек размяшчаўся першы публічны тэатр Гродна
Доля праўды: Пасля пабудовы асобнага тэатральнага памяшкання там насамрэч размясціўся публічны тэатр. Фішка ў тым, што публічны тэатр быў у Гродне яшчэ раней.
Уся праўда: У 1784 годзе ў Гродне праходзіў сейм Рэчы Паспалітай. Гэта неардынарнае мерапрыемства наведаў нядаўні ўдзельнік кругасветнага падарожжа Джэймса Кука і знакаміты нямецкі вучоны-натураліст Георг Форстэр. Немец не толькі сустрэўся з каралём і знанымі сенатарамі, але і знайшоў час паглядзець выступленне артыстаў у тэатры. У сваім дзённіку ён піша, што заплаціў за квіток 6 злотых, то бок, прыйшоў на публічнае тэатральнае прадстаўленне. Вядома, што для тэатра падчас сейма быў прыстасаваны вялікі манеж на Гарадніцы, але некаторыя даследчыкі лічаць, што Форстэр глядзеў выступленні артыстаў у іншым месцы, напрыклад, у будынку Крывой афіцыны.
Чытайце таксама:
Саламея Дэшнер: жанчына, якая стварыла гродзенскі тэатр
Дарэчы, у трэвэл-блогера XVIII стагоддзя засталіся супярэчлівыя ўражанні ад гродзенскага тэатра. Сёе-тое яму спадабалася, а сёе-тое не.
Міф 4. Будынак тэатра перабудавалі з манежа
Доля праўды: Вядома, што бацька польскага тэатра Войцех Багуслаўскі сапраўды даваў у Гродне прадстаўленне ў спецыяльна абсталяваным для гэтага манежы. Пра гэта ён пісаў у сваіх мемуарах.
Дарэчы, калі ўжо згаданы Багуслаўскі атрымаў прапанову прыехаць у Гродна і зноў выступіць у манежы, ён адправіўся ў шлях. Па прыезду высветлілася, што тэатральныя прыстасаванні ў манежы прыбраныя, а плошчы будынка зноў выкарыстоўваюцца для коннай язды. Гродзенскія коні перамаглі тэатральных муз i гэтым моцна засмуцілі Багуслаўскага.
Міф 5. Тэатр лялек — гэта тэатр Тызенгаўза
Доля праўды: Будынак лялечнага тэатра быў пабудаваны паміж 1783 і 1793 годам. У гэты час Антоній Тызенгаўз ужо быў у няміласці, а яго артысты разляцеліся хто куды. Цэлая група балетных танцораў была падорана Тызенгаўзам каралю Станіславу Аўгусту і склала касцяк «Таварыства танцоўшчыкаў Яго Каралеўскага Вялікасці». Так быў створаны правобраз нацыянальнага польскага балета.
Адміністрацыйным цэнтрам яго фінансавай імперыі працягваў заставацца горад над Нёманам, а месцам жыхарства Станіслава Панятоўскага быў палац Тызенгаўза на Гарадніцы.
Магнат зрабiў далейшыя крокі дзеля пашырэння і без таго немаленькай рэзідэнцыі. У канчатковым выніку Панятоўскі стварыў настолькі буйны палацавы комплекс, што мог жартам напісаць: «ён быў не менш горада Вены».
Да комплексу, які ўжо і так меў вялікую аранжарэю і манеж, у перыяд 80-х і 90-х гадоў XVIII стагоддзя магнат прыбудаваў яшчэ і каменны тэатр. Гэта і быў той самы будынак, якi ў будучыні стане тэатрам лялек.
Такім чынам, правільна называць тэатр не тэатрам Тызенгаўза, а ўсё-ткі тэатрам Панятоўскага.
Яшчэ трохі гісторыі
Звязаныя з тэатрам пераходамі палац, манеж і аранжарэя не перажылі Першую Сусветную, але тэатру пашанцавала больш і ён захаваўся. Дарэчы, на памяць аб некалі гарманічным палацавым комплексе ў тэатра лялек застаўся пэўны архітэктурны элемент — руставаныя знізу пілястры, якія нагадваюць руставаныя лапаткі знішчанага палаца Тызенгаўза.
Тэатр лялек, ён жа міфічны тэатр Тызенгаўза і сапраўдны тэатр Панятоўскага — насамрэч найстарэйшая спецыяльная тэатральная пляцоўка Беларусі, якая працягвае выкарыстоўвацца па прамым прызначэнні. Мяркуем, гэта вартая нагода наведваць яго часцей.