Гэтая трагедыя здарылася восенню 1964 года, 61 год таму. Звычайнае чалавечае разгільдзяйства прывяло да чалавечых ахвяр.

На вуліцы Пралетарскай, дзе сёння параўнальна новы жылы раён і гандлёвы цэнтр Kazzarma Mall, пасля Другой сусветнай вайны стаяў танкавы полк 30-й Іркуцка-Пінскай мотастралковай дывізіі. Да вайны там размяшчаўся 7-ы бранятанкавы батальён польскай арміі. Салдаты Савецкай арміі жылі ў польскіх яшчэ казармах. Навокал набудавалі боксаў для танкаў, узвялі клуб для жаўнераў, каталіцкую капліцу перарабілі на салдацкую краму.

Танкісты, як і цяпер, трэніраваліся на вайсковым палігоне каля Гожы. Летам яны калонамі ехалі на поўнач ад Гродна і там стралялі ды адпрацоўвалі перасячэнне Нёмана. Восенню танкі вярталіся ў Гродна на Пралетарскую вуліцу. Апошнімі вярталіся вучэбныя танкі: у кожнай роце было па адным вучэбным танку, а таксама рамонтная рота. Тое адбывалася ў канцы верасня або пачатку кастрычніка.

Як ехалі танкі

Вайскоўцы ехалі ад Гожы праз вёскі Цідовічы, Гумбачы, каля Русоты і з боку шашы на Парэчча, міма Станіславова, вярталіся ў свае казармы. Парадак праезду танкавай калоны быў такі, што на чале яе павінен быў ехаць афіцэр на легкавой машыне, а за ім ужо ішлі танкі. У той апошняй калоне на Гродна ехалі вучэбныя танкі Т-54, а таксама рамонтны цягач, таксама на базе танка Т-54. У яго не было вежы з гарматай, а замест яе прымацоўваўся кран, лябёдка ці проста кузаў.

Браніраваны цягач на базе танка Т-54
Браніраваны цягач на базе танка Т-54

У цягачы былі ўсяго два чалавекі - зусім малады механік-вадзіцель і рамонтнік-танкіст трэцяга года службы. У СССР тады ў сухапутных войсках служылі тры гады, а ў флоце чатыры. На месца механіка-вадзіцеля ў той вечар сеў акурат той бывалы танкіст з рамроты.

Першае парушэнне дапусціў малады лейтэнант. Замест таго, каб цягнуцца на чале маруднай танкавай калоны, ён паехаў на легкавіку ў Гродна. Танкавая калона засталася без ніводнага афіцэра і папаўзла ў горад.

Адкуль узяліся студэнты

Недалёка ад былога каралеўскага маёнтка Станіславова на інстытуцкіх палях студэнты сяльгасінстытута капалі бульбу. Праца ўжо скончылася, частку студэнтаў аўтобус адвёз у Гродна. Рэшта схавалася каля вогнішча ў яме каля дарогі. Яма была парослая хмызнякамі і знаходзілася акурат там, дзе дарога рабіла круты паварот.

Як здарылася трагедыя

Калі на дарозе з’явіліся танкі, некалькі дзяўчат і хлопцаў з групы студэнтаў выйшлі паглядзець на тэхніку і сталі на павароце. І тут салдат, які сядзеў за рычагамі цягача, прыняў ракавое рашэнне: ён захацеў паказаць сваю зухваласць і папужаць студэнтак. Ён задумаў не павярнуць перад імі на дарозе, а зрэзаць паварот, праехаўшы за імі.

Ён рэзка павярнуў цягач, на вялікай хуткасці паламаў хмызнякі і ўскочыў у яму, дзе каля вогнішча грэліся студэнты. Пачуўшы крыкі людзей, вадзіцель не заглушыў матор, а паехаў назад. Але нешта пайшло не так і машына ізноў з’ехала ў яму, дзе хвіліну таму студэнты чакалі аўтобус у горад.

Усяго загінула пяць чалавек — тры дзяўчыны і два хлопцы. Некалькі чалавек досыць моцна пацярпелі, але засталіся жывыя. Тыя, хто служыў у танкавым палку, згадвалі, што на прывезены з месца трагедыі цягач страшна было глядзець. Яго пажарнымі шлангамі адмывалі ад крыві і рэштак вопраткі.

Пагрозы і суд над танкістамі

Пра трагедыю не пісалі ў газетах, але Гродна, канешне, ведаў пра яе. Грамадзянскую паніхіду па загінуўшых правялі ў корпусе сяльгасінстытута па вуліцы Акадэмічнай. Студэнты абураліся здарэннем і нават пагражалі салдатам. Былыя салдаты згадваюць, што некаторы час танкістаў нават не выпускалі ў звальненні ў горад, а ў каравульных праз плот кідалі камянямі.

Суд над танкістамі адбываўся ў вайсковым клубе часткі. На лаве падсудных аказаліся малады лейтэнант, які з’ехаў у Гродна, і той салдат, які сядзеў за рычагамі танка. У якасці сведак прысутнічалі пацярпелыя студэнты, былі і сваякі загінуўшых. На суд сагналі салдат з вайсковай часткі, каб прадэманстраваць ім, якія наступствы можа мець салдацкая халатнасць.

У выніку афіцэра прыгаварылі да трох гадоў зняволення, а непасрэдна вінаватага ў трагедыі танкіста — да найвышэйшай меры пакарання. Праўда, старыя танкісты гаварылі, што хутчэй за ўсё прысуд быў пасля заменены на больш мяккі, паколькі асуджаны прысылаў з турмы сваім былым саслужыўцам паштоўкі. З пасадаў знялі камандзіра дывізіі і зампаліта танкавага палка.


Менш чым праз чатыры гады Іркуцка-Пінская дывізія ў поўным складзе адбыла гасіць «пражскую вясну» ў Чэхаславакіі. А пасля танкісты нават хадзілі на танцы ў сяльгасінстытут, некаторыя пажаніліся са студэнткамі.

У сярэдзіне 2010-х у час забудовы вуліцы Пралетарскай знеслі і боксы для танкаў, і стары вайсковы клуб. Засталіся толькі польскія даваенныя казармы, якія ператварыліся ў гандлёвы цэнтр Kazzarma Mall.