Экалагічныя праблемы больш заўважаюць бедныя беларусы. Адукаваныя людзі часцей настойваюць на адміністратыўнай, а не крымінальнай адказнасці за экалагічныя парушэнні. Наколькі экалагічныя праблемы значныя для беларусаў, ацаніла «Зялёная сетка» з дапамогай Дэпартамента маркетынгавых і сацыялагічных даследаванняў кампаніі «САТИО». Прапануем 10 ключавых высноваў.
Даследаванні ладзіліся сёлета ўвесну. У іх узялі ўдзел 850 дарослых беларусаў, у тым 76 жыхароў Гродзенскай вобласці.
1. Кепскую экалагічную сітуацыю часцей заўважаюць у абласных гарадах
80% апытаных паведамілі, што заклапочаныя экалагічнай сітуацыяй у Беларусі. Заклапочанасць вышэй у жыхароў Віцебскай вобласці і абласных цэнтраў, а моладзі і мінчукам яны менш цікавыя.
Трэць беларусаў найбольш заклапочаная мясцовымі праблемамі, астатнія звяртаюць увагу ў роўнай ступені і на сусветныя.
Большасць не абмяркоўвае экалагічныя праблемы з блізкімі людзьмі ў штодзённасці. Толькі 20% беларусаў мяркуюць, што добра ведаюць экалагічнае заканадаўства.
2. Сур’ёзныя праблемы бачаць людзі з малым заробкам
Усяго каля трэці выбаркі мяркуе, што існуюць сур’ёзныя экалагічныя праблемы. Пераважна пра іх казалі жыхары рэгіёна, што найбольш пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС, а таксама людзі з нізкім узроўнем даходу.
3. Наступствы аварыі на ЧАЭС найбольш хвалююць гродзенцаў
Цікава, што менавіта пра наступствы Чарнобыльскай аварыі часцей кажуць жыхары Гродзенскай, а не Гомельскай вобласці. Таксама гэтыя праблемы часцей агучваюць людзі з вышэйшым узроўнем адукацыі.
4. Забруджванне вады выходзіць у топ
Топ-5 праблемаў для Беларусі паводле апытаных:
Забруджванне атмасферы
Наступствы аварыі на ЧАЭС
Забруджванне вадаёмаў
Забруджванне крыніцаў чыстай вады
Несанкцыянаваныя сметнікі
5. Багатыя занепакоеныя вырубкай дрэваў і сартаваннем смецця
Таксама сярод праблем пералічваюць глабальнае змяненне клімату, незаконныя выкіды прамысловых прадпрыемстваў, вырубку лясоў, будаўніцтва АЭС у Астраўцы, лясныя пажары, браканьерства, асушэнне балотаў, неразвітасць беларускага экалагічнага заканадаўства.
Для людзей з высокім узроўнем даходу важнейшыя адсутнасць сістэмы раздзельнага збору смецця і вырубка дрэваў у гарадах.
6. Вырашэнне праблем: не смеціць і зрабіць жорсткім заканадаўства
Найбольш распаўсюджаным вырашэннем экалагічных праблем апытаныя бачаць чысціню: «не смеціць у лесе, на вуліцы», раздзельна збіраць смецце. Сярод эфектыўных мераў бачаць таксама ўзмацненне жорсткасці заканадаўства (57%).
Большасць беларусаў (60%) супраць таго, каб абавязаць звычайных людзей вырашаць экалагічныя праблемы. Адказнымі за гэта яны часцей бачаць прадстаўнікоў улады. Грамадскія арганізацыі, па меркаванні большасці, не павінны адказваць за вырашэнне праблем.
7. Толькі 5% не карыстаецца пластыкавымі бутэлькамі і пакетамі
Людзі часцей ведаюць, як трэба рабіць, чым гэта робяць. Напрыклад, 15% упэўненыя, што не варта выкарыстоўваць пластыкавыя бутэлькі і пакеты, аднак на практыцы толькі 5% іх не ўжывае. Падобная сітацыя з раздзельным зборам смецця і пасадкай дрэваў.
Валанцёрскую дапамогу, працу ў грамадскіх арганізацыях, асветніцкую дзейнасць у якасці эфектыўных сродкаў часцей бачаць жанчыны.
8. Адукаваныя настойваюць на мяккім пакаранні
Людзі з высокім даходам часцей выступаюць за грамадскія акцыі і абмеркаванні, масавыя дэманстрацыі, збор подпісаў, узмацненне прававой адказнасці.
Беларусы з больш высокім узрознем адукацыі выказваюцца за адміністратыўную адказнасць, з ніжэйшым узроўнем адукацыі — настойваюць на крымінальнай адказнасці.
9. Давер да грамадскіх арганізацый вырас. Але да якіх?
Большасць беларусаў (92%) станоўча ўспрымае экалагічныя грамадскія арганізацыі або актывістаў, ім сталі болей давяраць.
Аднак назваць канкрэтныя арганізацыі здольныя не многія. Найлепш ведаюць «Ахову птушак Бацькаўшчыны» (11%) і «Беларускае таварыства аховы прыроды» (15%). Да грамадскіх арганізацый рэспандэнты адносілі таксама Міністэрства прыроды і санстанцыю.
10. Часцей ахвяравалі грошы на экалогію
Сёлета менш беларусаў прымалі ўдзел у экалагічных акцыях, чым у 2015 годзе (44%, а ў 2015 — 49%), аднак часцей ахвяравалі грошы або неабходныя рэчы. Прычыны неўдзелу: недахоп часу, адсутнасць інфармацыі пра арганізатараў, асцярога мажлівых санкцыяў за ўдзел.