Што варта казаць дзецям, калі яны разбілі вазу, прынеслі «двойку» або патрабуюць цацку ў краме? Лёгка ўзгадаць таксічныя фразы з дзяцінства, што казалі нам. А як размаўляць з дзецьмі інакш, дарослыя і самі не заўжды ведаюць.
Дапаможа з гэтым праект «Тлумач». Яго заснавальніца Ганна Клімовіч падзялілася з Telegram-каналам «Суполка» канструктыўнымі фразамі, якімі можна карыстацца ў складаных сітуацыях. Таксама там ёсць выразы на штодзень, якія дапамогуць зрабіць дзяцей больш шчаслівымі.
«Тлумач» — гэта асветніцкі праект пра дзяцей для бацькоў і ўсіх, хто кантактуе з дзецьмі. Цяпер гэта Telegram-канал з матэрыяламі пра тое, як лепш камунікаваць з дзецьмі. У яго больш як 600 падпісчыкаў. «„Тлумач“ — заклік да дарослых, як варта сябе паводзіць», — кажа ягоная заснавальніца Ганна Клімовіч.
«Мы хочам дапамагчы вырашыць праблему таксічнай камунікацыі з дзецьмі, а таксама праблему бацькоў, якія хвалююцца, што яны неяк не так гадуюць дзяцей, што іх дзеці растуць неадукаванымі, толькі сядзяць у TikTok», — расказвае суразмоўца.

У Ганны ёсць асабістая гісторыя, звязаная з выхаваннем дзяцей. Час ад часу ёй тэлефанавалі ейныя бацькі і прасілі, каб Ганна патлумачыла хатняе заданне са школы сваёй малодшай сястры. Бацькі ж самі паводле адукацыі настаўнікі.
«Я ведаю, што яны ведаюць гэтыя матэрыялы. Дакладна маглі б дапамагчы з „дамашкай“, але кажуць, што ад іх яна нічога не разумее», — кажа Ганна.
Ганна мяркуе, што «Тлумач» патлумачыць дарослым, як паразумецца з дзецьмі. Гэты праект паўстаў больш за год таму. Цяпер у публікацыях перапынак — стартап перазбіраюць і дапрацоўваюць. Над ім пастаянна працуюць пяць чалавек, але толькі ў свой вольны ад асноўнай працы час.

Аўтары хочуць, каб абноўлены праект дапамагаў дарослым больш кропкава знаходзіць адказы на свае запыты, а таксама — знаходзіць канкрэтных спецыялістаў, якія змогуць ім дапамагчы. Цяпер у каманды стваральнікаў ёсць каля дзесяці кансультантаў. Гэта спецыялісты ў сферы псіхалогіі і адукацыі, якія ім дапамагаюць. Адзін з іх — псіхолаг Васіль Пронь.
Топ-10 фразаў, якія робяць дзіця больш шчаслівым
На падставе свайго досведу і з апорай на прачытаныя матэрыялы пра выхаванне дзяцей Ганна Клімовіч падзялілася з чытачамі фразамі, якія варта казаць, каб дзеці адчувалі сябе больш шчаслівымі.
«Псіхолагі і педагогі не рэкамендуюць класныя фразы для завучвання», — заўважае пры гэтым Ганна.
1. «Цешуся, што ты ёсць у маім жыцці»
«Гэта пра безумоўную любоў, пра тое, што дзіцяці не абавязкова рабіць нешта канкрэтнае, каб заслужыць любоў. Чалавек ёсць — і значыць ён важны. Гэта глыбокае, грунтоўнае ўсведамленне для чалавека», — мяркуе аўтарка праекту. Паводле яе, гэта і прафілактыка аб’юзіўных адносін у будучыні.
«Жанчына часта імкнецца заслужыць прыязнае стаўленне мужчыны да сябе. У яе на падкорцы закладзена, што калі я буду харошай, мяне будуць любіць, і тады яна пачынае цярпець кепскае стаўленне да сябе. Умоўная любоў - гэта крыніца падобных праблем у дарослым жыцці», — кажа дзяўчына.

2. «Дзякуй»
Гэтае адно слова ад дарослага ўплывае на самаацэнку дзіцяці ў пазітыўны бок. «Пачуўшы „Дзякуй“, дзіця адчувае сябе самастойнай асобай, разумее, што ў яго ёсць выбар: зрабіць для сябе або дапамагчы іншым», — кажа аўтарка «Тлумач».
«Я магу выбраць дапамагчы маме, і яна мне за гэта ўдзячная. Гэта стасункі паводле ўласнага выбару, на аснове любові, а не аўтарытарызму… Не ўсе дарослыя лічаць патрэбным казаць дзіцяці „дзякуй“ за нейкую простую штуку, быццам дзіця і так павінна падносіць шклянку вады ці памыць посуд», — дадае яна.
3. «Навучыш мяне?»
Ганна супрацьпастаўляе гэты выраз паблажліваму «Падрасцеш — даведаешся».
Просьба навучыць карысная для дзіцяці, бо паказвае, што дарослы паважае яго досвед, што ў яго ёсць, чаму павучыцца, што з ім абмеркаваць, мяркуе суразмоўца.
«Чалавек расце з адчуваннем сваёй важнасці. Вучыцца абменьвацца досведам, цікавіцца ў іншых, прасіць нешта патлумачыць», — адзначае Ганна.
Яна падкрэслівае, што гэта працуе, калі бацькі шчыра зацікаўленыя гэтым працэсам, калі дзіця іх сапраўды можа нечаму навучыць, паказваць навык, прыкладам, як гуляць у камп’ютарныя гульні.

4. «Я заўсёды гатовая цябе выслухаць»
«Гэтай фразай я даю дзіцяці ведаць, што яно важнае, што яно заўсёды можа прыйсці са сваімі праблемамі, не закопвацца ў іх, а падзяліцца. Мы знойдзем разам рашэнне», — адзначае Ганна.
Яна дадае што гэта, у тым ліку, добрая прафілактыка булінгу, калі паміж дарослым і дзіцём ёсць давер, і яно можа шчыра расказаць, як да яго кепска ставяцца аднагодкі.
5. «Бачу, што табе зараз цяжка»
Сітуацыя: дзіця стамілася або яму сумна, яно скардзіцца на гэта.
«Значыць, дзіця праяўляе свае пачуцці. Варта паспрабаваць знайсці ў сабе сілы. Паслухаць, якая патрэба цяпер ёсць у дзіцяці, і падтрымаць яго так, як атрымліваецца. Не проста пераводзіць увагу на нешта іншае: „Глядзі, птушка паляцела“, а агучыць эмоцыі, якія назіраюць у дзіцяці: „Бачу, што табе зараз цяжка“. Прыслухоўвацца, ці так яны гэта зразумелі. Размаўляць з дзіцём далей, пакуль яно не супакоіцца. Даць пражываць гэтыя пачуцці», — тлумачыць Ганна.

6. «Чаму ты не хочаш?»
Сітуацыя: дзіця не хоча нешта рабіць, прыкладам, адзявацца, есці або некуды ісці.
Ганна Клімовіч падкрэслівае, што бываюць сітуацыі, калі сапраўды трэба нешта зрабіць. Бацькі адказваюць за дзіцячую бяспеку і бяспеку іншых людзей, якім дзіця можа нашкодзіць. Калі дзіця плануе зрабіць дзеянне, якое можа пагражаць жыццю, здароўю яго ці іншых, трэба спыняць гэтыя дзеянні.
«Але далёка не заўсёды сітуацыя патрабуе такіх радыкальных уключэнняў, імі бацькі часта злоўжываюць. У побытавай сітуацыі яны могуць сказаць, што тваіх жаданняў не існуе, і гэта не окей. У дзіцяці няма права адчуваць свае жаданні? Гэта выліваецца ў тое, што вырастаюць людзі, якія не ведаюць, чаго яны хочуць, не могуць абраць сабе ежу, якую хочуць, і больш глабальна не ведаюць, чым займацца па жыцці», — кажа стваральніца праекту пра наступствы ігнору дзіцячых жаданняў.
Яна мяркуе, што варта зразумець прычыну, чаму дзіця не хоча чагосьці рабіць, а далей гаварыць з дзіцём, разбіраць сітуацыю.
«Калі яно не хоча ісці ў школу, гэта не абавязкова гультайства, можа быць, там крычыць выкладчыца, якая палохае, можа быць, з боку аднагодак булінг», — заўважае Ганна.

7. «Чаму ты гэтага хочаш?»
Сітуацыя: дзіця чагосьці хоча. Патрабуе, прыкладам, цацку ў краме, а бацькі не могуць ці не хочуць набываць. Ганна ў адказе спаслалася на словы педагога Дзімы Зіцэра.
«Дзіця — гэта ваш любімы чалавек. Стасункі з ім варта будаваць не на падставе выхавання, а на падставе любові. Калі паміж вамі любоў, то варта паводзіць сябе адпаведна, выражаць да яго любоў. Было б добра зразумець сапраўдную патрэбу дзіцяці. Можа быць, гэта трэндавая цацка з TikTok, якая ёсць у сяброў. Прыняць сумеснае рашэнне на падставе таго, што высветлілі. А часам у дзіцяці імпульсіўныя „хацелкі“. Гэта становіцца ясна, калі пагаворыш», — дзеліцца яна.
8. «Нічога страшнага» ці «Усё ў парадку»
Сітуацыя: дзіця нашкодзіла, нешта разбіла, сапсавала.
У гэтых сітуацыях, нагадвае суразмоўца, варта памятаць, што гэта зрабіла дзіця.
«Калі чалавеку 3−4 гады, яму ўласціва нешта перавярнуць, разбіць, разліць. Гэта фізічныя абмежаванні, якія ўзнікаюць не па ягоных „хацелках“, што зараз я ўсё перавярну ўверх дном. Дзіця варта падтрымліваць ва ўсіх праявах, калі яно не спраўляецца так, як дарослы», — думае дзяўчына.
На думку Ганны, можна казаць: «Нічога страшнага», «Усё ў парадку», але толькі, калі гэта будзе шчырае стаўленне да сітуацыі, калі гэта сапраўды не моцна закранула бацькоў.
9. «Я засмучаная»
«Калі сітуацыя зачапіла, прыкладам, сястра заліла любімы фотаздымак, можна падзяліцца гэтай эмоцыяй: „Я цяпер засмучаная. Мне вельмі цяжка зараз усведамляць, што гэты здымак давядзецца выкінуць. Трэба старацца так далей не рабіць. Я прыбяру здымкі далей“», — прыводзіць прыклад Ганна, як можна рэагаваць на складаную сітуацыю.

10. «Чым я магу табе дапамагчы?»
Сітуацыя: дзіця прынесла са школы адзнаку, якая не падабаецца бацькам.
Ганна мяркуе, што варта разбірацца ў кожным выпадку. Яна прыводзіць прыклад дзіцяці, якое не схільнае да граматыкі і правапісу.
«Адзін раз яно напісала кантрольную з 30 памылкамі і атрымала „1“, у наступны — з дзевяццю памылкамі і атрымала „2“. У адзнаках розніца не значная, але прагрэс моцны. Калі чалавек прыйшоў дадому з „двойкай“ ці „тройкай“, імаверна, ён сам не надта гэтаму рады і расчараваны. Калі дадасца яўнае расчараванне бацькоў, то гэта яшчэ больш расчаруе само дзіця, якое не факт, што хацела атрымаць двойку ці тройку», — кажа Ганна.
Ёсць пытанні? Адкажа разумны «Боцік»
Ужо цяпер на «Тлумачы» можна не толькі чытаць тэматычныя матэрыялы, але і задаваць пытанні пра выхаванне дзяцей, да прыкладу: «Што рабіць, калі мая дачка хоча есці толькі салодкае?» З гэтым можна звярнуцца да «Боціка». Гэта кансультацыйны інструмент праекта, які працуе на падставе штучнага інтэлекту.

«„Боцік“ навучаны на матэрыялах людзей, якім мы давяраем. Гэтыя людзі напісалі добрыя кнігі, выкладалі змястоўныя відэа. Мы гэта паказваем матэрыялы „Боціку“. Ён вучыцца на падставе гэтых дадзеных і потым можа хутка кансультаваць бацькоў».