Карты з фабрыкі Лапіных пачыналіся з сямёркі, а ў кожнай калодзе чырвовы туз быў з лагатыпам фабрыкі. Аб 10 самых важных асаблiвасцях даваенных i новых гродзенскіх карт распавёў Hrodna.life прадпрымальнік Антон Янкоўскі, які займаецца iх адраджэннем.

1. Няма аналагаў

На фабрыцы братоў Лапіных друкавалася шмат розных калод ігральных карт, а сама фабрыка не была адзінай на прасторах міжваеннай Польшчы, але калода «з каралямі», якую мы аднаўляем, — унікальная, бо яна была распрацавана і друкавалася толькі ў Гродне, яна не мае аналагаў.

2. Гістарычныя асобы

У каралях калоды вы зможаце сустрэць рэальных гістарычных асобаў: Казіміра Вялікага, Стэфана Баторыя, Жыгімонта Аўгуста, Яна Сабескага.

10 асаблівасцяў гродзенскіх ігральных карт Лапіных

3. Дамы і валеты

Дамы і валеты з калоды ўжо не адносяцца да гістарычных асобаў, але кароль, валет і дама адной масці намаляваны ў адной стылістыцы, характэрнай для свайго стагоддзя.

4. Карона

Працягваючы тэму гістарычных асобаў, трэба звярнуць увагу на карты каралёў: над масцю вы заўважыце карону — гэта пазнака таго, што кароль мае свой гістарычны адпаведнік.

[irp posts="22 764″ name="На Ноч у музеі" ў Гродне прэзентавалі тэставую калоду адноўленых карт Лапіных"]

5. Карты пачыналіся з сямёркі

Калода «з каралямі» адносіцца да брыджавых карт. Звыкла яны пачыналіся з шасцёркі, але гэта калода пачыналася з сямёркі. Зараз мы яшчэ шукаем гістарычную абумоўленасць гэтага факта. Што датычыцца аднаўлення карт, то ад сябе мы дадалі ў новую калоду шасцёрку для зручнасці.

10 асаблівасцяў гродзенскіх ігральных карт Лапіных

6. Джокер

У калодзе «з каралямі» прысутнічае джокер. Гэта таксама не зусім звыклая асаблівасць брыджавых карт. Ён вельмі цікавы, і мы яго пакінем у калодзе.

7. Лагатып Лапіных

На чырвовым тузе вы ўбачыце лагатып Фабрыкі Лапіных. Ён ставіўся на ўсіх калодах. Мы пакінулі гэту цікавую асаблівасць.

10 асаблівасцяў гродзенскіх ігральных карт Лапіных

8. Каробка

Знайсці адпаведнік каробкі, у якой захоўваліся карты, у нас не атрымалася. Таму каробку мы распрацоўвалі самастойна. Пры гэтым спрабавалі арыентавацца на стылістыку друкаванай прадукцыі тых часоў і вінтажныя вокладкі калод карт розных выдавецтваў. На каробцы мы змясцілі элементы дызайну, запазычаныя непасрэдна з прадукцыі фабрыкі Лапіных: лагатып, віньеткі, шрыфтавыя кампазіцыі.

9. Брашура

У камплект з картамі мы мяркуем дадаць невялікую брашурку, якая будзе каротка расказваць гісторыю карт. Брашурка будзе надрукавана на трох мовах: беларускай, англійскай і польскай.

10. Адмалёўка

Карты былі знойдзены ў дрэнным стане, таму ўсе персанажы картаў адмалёўваліся ўласнаручна мастаком. Гэта крапатлівая праца дадала картам якасці.

10 асаблівасцяў гродзенскіх ігральных карт Лапіных

Для нас вельмі прыемна, што карты, якія некалі рабілі гродзенцы, зараз аднаўляюць таксама гродзенцы. Мы, як аўтары, ганарымся такой пераемнасцю пакаленняў.


Падтрымаць выданне ігральных карт можна на пляцоўцы Talaka.by