За няпоўны 2026 год па Гродзенскай вобласці пракуроры распачалі 120 крымінальных спраў, звязаных з хатнім гвалтам. Некаторыя са спраў узбуджалі і без заявы пацярпелых. Гэта датычылася сітуацый, у якіх пацярпелыя з-за страху або іншых прычын не маглі самастойна абараніць свае правы.
Жанчыны адмаўляюцца пісаць заявы: баяцца пагроз і помсты
Сярод прыкладаў злачынстваў, звязаных з хатнім гвалтам у Гродзенскай вобласці, ТРК “Гродна” прыводзіць некалькі выпадкаў. У дачыненні да 28-гадовага гродзенца распачалі крымінальную справу за тое, што ён рэгулярна збіваў сваю маці, будучы п’яным. Жанчына адмаўлялася пісаць заявы, але ўмяшалася пракуратура.
Іншы гродзенец напаў на сваю цяжарную жонку – ён паваліў жанчыну на падлогу пад’езда, пачаў душыць і пагражаў расправай. Мужчына таксама быў п’яны.
У Свіслацкім раёне 36-гадовы беспрацоўны сістэматычна збіваў і душыў сваю партнёрку, на глебе нібыта “бытавых папрокаў у злоўжыванні алкаголем”. Жанчына хавала факт хатняга гвалту, баючыся помсты. Заяву яна так і не падала.
Да пачатку кастрычніка 2026 года ў Гродне і вобласці ўчынілі 149 злачынстваў, звязаных з хатнім гвалтам.
Як шмат жанчын у Беларусі пакутуе ад гвалту ў сям’і?
У Беларусі штогод больш як 12 тыс. пацярпелых ад хатняга гвалту звяртаюцца ў сацслужбы Беларусі. Кожны чацвёрты выпадак закранае дзіця, вынікае са статыстыкі Deutsche Welle. Па дадзеных МУС у дзень адбываецца да 200 інцыдэнтаў.
Пры гэтым Белстат дае справаздачу аб зніжэнні колькасці злачынстваў, звязаных з гвалтам у сям’і. Згодна з лічбамі, у параўнанні з 2024 годам у 2025 хатні гвалт знізіўся на 18,7%.
Дзяржаўныя сацыёлагі робяць выснову, што вынікі даследавання сведчаць “аб эфектыўнасці мер, накіраваных на прадухіленне гвалту, і росце культуры паважлівага стаўлення да жанчыны”.
У сваю чаргу супрацоўнікі тэлефонаў даверу, якія аказваюць псіхалагічную дапамогу пацярпелым ад хатняга гвалту, сведчаць аб росце колькасці зваротаў да іх.
Як жанчыне засцерагчы сябе ад агрэсара?
Беларускае заканадаўства да гэтага часу не прадугледжвае асобнага закона аб хатнім гвалце. Калі агрэсара прыцягваюць да крымінальнай адказнасці, то па арт. 154 КК (катаванне) або арт. 186 (пагроза забойствам, прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў).
Пры гэтым не ўсе жанчыны гатовы пісаць заяву ў адносінах да агрэсараў. Перажываюць за сябе, дзяцей і іншых чальцоў сям’і. У выніку не ўсе выпадкі хатняга гвалту становяцца бачнымі.
У Беларусі дзейнічае тэлефон даверу «Оливия» — гэта бясплатная інфармацыйная, псіхалагічная і прававая дапамога для беларусак, якія пацярпелі ад хатняга і сэксуалізаванага гвалту. Звязацца са спецыялістамі можна праз сайт.
Куды звяртацца па дапамогу ў Гродне:
- «Крызісны пакой»: Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна, вул. Сацыялістычная, 37; Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Кастрычніцкага раёна, вул. Фамічова, 17.
- АУС (аддзел унутраных спраў): 102 (пры пагрозе жыццю і здароўю).
- Тэлефон даверу: бясплатны нумар 170 (Гродна і Гродзенская вобласць).
Чытайце таксама: “Блакітная карта” і ахоўны ордэр. Вывучылі досвед барацьбы з хатнім гвалтам у Беларусі і Польшчы і знайшлі што запазычыць у суседзяў



