Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прызнала неналежнай рэкламу Гродзенскага мясакамбіната са слоганам «Мы ў топе – і гэта назаўжды!». У ведамстве палічылі, што такая фраза стварае ў пакупнікоў уражанне пра безумоўную перавагу прадукцыі прадпрыемства перад канкурэнтамі.

На прадпрыемстве патлумачылі, што слова «топ» з’яўляецца зарэгістраваным таварным знакам. Аднак у МАРГ адзначылі, што гэта не апраўдвае выкарыстанне рэкламнай фразы, якая стварае ілюзію лідарства на рынку.

Акрамя Гродзенскага мясакамбіната, у падборку рэгулятара ўвайшлі яшчэ некалькі прыкладаў неналежнай рэкламы.

Прэтэнзіі атрымала пральня самаабслугоўвання ТАА «Розовый бриллиант», якая выкарыстоўвала фатаграфіі памяшкання, што не адпавядалі рэчаіснасці. Яна размясціла рэкламу з фатаграфіямі прасторнага памяшкання з пральнымі і сушыльнымі машынамі. Аднак фактычна і памяшканне аказалася меншым па плошчы, і абсталявання — у разы менш.

Таксама былі прэтэнзіі да ТАА «ВИЗАБАЙ», якое называла сябе афіцыйным партнёрам страхавога таварыства «КЕНТАВР». Аднак яно ўжо выключана з рэестра страхавых агентаў.

Парушэнні былі і ў ТАА «ВиЭфЭс Бай», якое аказвала паслугі пад брэндам VFS Global без указання ўласнага наймення і УНП.

«Ліцэнзійнае пагадненне на выкарыстанне таварнага знака не дае права замяняць найменне кампаніі брэндам», — адзначаецца на сайце МАРГ.

Усім кампаніям выдалі прадпісанні аб ліквідацыі парушэнняў, якія тыя своечасова выканалі.