У Гродне затрымалі мужчыну, які ўдарыў супрацоўніка АМАПа далонню па галаве падчас святкавання 3 ліпеня. 54-гадовага гродзенца затрымалі. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу «за супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў пры выкананні абавязкаў па ахове грамадскага парадку, спалучанае з прымяненнем гвалту».
Як паведамляе гродзенская міліцыя, усё адбылося каля поўначы на адным з кантрольна-прапускных пунктаў. Па версіі праваахоўнікаў, гродзенец, будучы п’яным, папрабаваў зайсці на свята з боку КПП, які быў прызначаны толькі для выхаду людзей.
Супрацоўнік АМАПа некалькі разоў накіроўваў яго ў іншы пункт на надгляд. У адказ на гэта гродзенец «праявіў агрэсію і нанёс праваахоўніку ўдар далонню ў вобласць галавы», паведамляе міліцыя.
Што распавёў затрыманы мужчына
Сам мужчына на відэа распавёў іншую версію падзей. Паводле яго слоў, ён не збіраўся ісці на канцэрт, а толькі хацеў сустрэць жонку з сынам і разам з імі вярнуцца дадому.
«Я накіроўваўся да сваёй жонкі з сынам. Злева знаходзіўся кантрольна-прапускны пункт, дзе праводзілі надгляд. Там стаялі міліцыянеры. Я туды не пайшоў, таму што мае родныя чакалі мяне з іншага боку. Наперадзе быў свабодны тратуар», — распавёў мужчына.
Паводле яго слоў, з правага боку да яго наблізіўся чалавек у сігнальнай камізэльцы, які папрасіў, каб гродзенец на КПП не захадзіў. Мужчына сказаў, што пайшоў на тратуар, дзе, паводле яго слоў, нікога не было. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што на канцэрт яму не трэба і ён туды не збіраўся.

«Потым гэты чалавек зноў з’явіўся. Я ўспрыняў яго як цывільнага супрацоўніка, а не міліцыянера», — заявіў затрыманы. Мужчына ў камізэльцы схапіў яго за руку і развярнуў, а затым ударыў у грудзі. Гродзенец не ўпэўнены, ударылі яго кулаком ці не. «Не магу зараз нешта сказаць, на відэа павінна быць гэта бачна. Пасля гэтага ў мяне была рэакцыя. Я махнуўся ў яго», — распавёў затрыманы мужчына. На самім відэа разгледзець сітуацыю складана.
Што пагражае гродзенцу
У дачыненні да мужчыны ўзбуджана крымінальная справа. Калі яго віна будзе даказана, яму пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.



