Улады Гродна сумесна з прадстаўнікамі правінцыі Ганьсу плануюць аднавіць работу цэнтра кітайскай медыцыны. Цэнтр на Даватара пабудавалі яшчэ ў 2017 годзе, але ўстанова не перажыла пандэміі і зачынілася.

Па словах старшыні Гродзенскага гарвыканкама Андрэя Хмеля, аднаўленне працы цэнтра курыруе гродзенская гарадская паліклініка №7 і бальніца традыцыйнай кітайскай медыцыны Ланьчжоў. Установы аховы здароўя падпісалі адпаведнае пагадненне на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Кітая.

Цэнтр традыцыйнай кітайскай медыцыны пабудавалі ў 2017 годзе на грошы інвестараў з Кітая – спонсары ўклалі ў будынак на Даватара амаль $ 600 тыс. Аднак з-за пандэміі цэнтр зачыніўся.

Яшчэ адзін цэнтр хацелі адкрыць у 2025 годзе

Размовы аб адкрыцці такога цэнтра вяліся ў Гродне і раней. У жніўні 2025 года адбылася сустрэча прадстаўніка правінцыі Ганьсу ў Беларусі Ло Гапіна і галоўнага пазаштатнага спецыяліста па нетрадыцыйных метадах лячэння Міністэрства аховы здароўя Аляксандр Сівакова.

Тыя дамовіліся аб магчымасці адкрыцця ў Гродне цэнтра традыцыйнай кітайскай медыцыны, а патэнцыйным месцам размяшчэння новага цэнтра назвалі паліклініку №8.

Якія праекты ў Гродне дэлегацыя з Ганьсу ўжо спрабавала рэалізаваць

У снежні 2019 года ў Гродне адкрыўся выставачны цэнтр Ганьсу. Там дэманстравалі прадукты, прывезеныя з Кітая: сухафрукты, чаі, маслы і грыбы. Але ў рэальнасці цэнтр не запрацаваў і купіць там што-небудзь было немагчыма.

У тым жа годзе на сустрэчы гродзенскіх чыноўнікаў з кітайскай дэлегацыяй абмяркоўвалася магчымасць адкрыцця рэстарана традыцыйнай кухні. Гродзенскі гарвыканкам мусіў даць некалькі месцаў для будаўніцтва ці прапанаваць гатовыя будынкі. Рэстаран так і не з’явіўся.

У 2016 годзе кампанія «Цюань Шэнь» з правінцыі Ганьсу набыла гасцініцу «Гродна». Планавалася, што фірма зоймецца рэканструкцыяй гатэля. Але да рэалізацыі праекту так і не прыступіла.

Гродна супрацоўнічае з правінцыяй Ганьсу з 2007 года. У 2022 чыноўнікі адзначылі 15-годдзе пабрацімства і дыпламатычных адносін.

Летам 2026 гарады падпісалі чарговае пабрацімскае пагадненне.