У Гродне спыняе працу Pablo Restobar, які размяшчаўся на вуліцы Савецкай, 13, побач з Моладзевым цэнтрам. Прычына — непрадаўжэнне арэнды. Пра гэта каманда ўстановы паведаміла ў сваім Instagram-акаўнце.
«Пасля сямі гадоў працы нам адмовілі ў прадаўжэнні арэнды, таму мы вымушаныя зачыніць дзверы нашай установы. Дзякуй кожнаму госцю, які прыходзіў да нас, адзначаў важныя падзеі, праводзіў вечары з сябрамі і проста выбіраў нас сярод многіх іншых месцаў», — гаворыцца ў паведамленні.
Сама ўстанова пачала працаваць у цэнтры горада летам 2021 года.
Уласнікі падзякавалі наведвальнікам за падтрымку і адзначылі, што за гады працы рэстаран стаў месцам сустрэч, святаў і ўспамінаў для многіх гродзенцаў.
Пямяшканне рэстаран арандаваў у ААТ «Чайка». Менавіта гэтае прадпрыемства з 30 чэрвеня не стала працягваць дагавор арэнды.
Наведвальнікі сумуюць
Пад публікацыяй пра закрыццё з’явілася мноства каментарыяў ад гасцей установы. Людзі дзякавалі камандзе рэстарана і шкадавалі аб закрыцці ўстановы.
«Гэта неймаверная страта для Гродна. Заўсёды прыязджалі з Мінска менавіта да вас. Вельмі спадзяюся, што гэта не канец гісторыі, а пачатак новай — ужо ў іншым месцы», — напісаў адзін з карыстальнікаў.
Іншыя згадваюць фірмовыя круасаны, стэйкі і атмасферу ўстановы, адзначаючы, што Pablo Restobar быў у іх адным з любімых месцаў у цэнтры горада.
Ці адкрыецца Pablo Restobar у іншым месцы
Пакуль невядома, ці працягне рэстаран працу па новым адрасе. У каментарыях карыстальнікі пыталіся пра гэта ва ўласнікаў, аднак адказу пакуль не было.



