12 чэрвеня ў Гродне ў трэці раз пройдзе агульнагарадскі выпускны. Сёлета атэстаты аб сярэдняй адукацыі атрымаюць 2803 выпускнікі школ і гімназій горада. Запланавана ўрачыстае шэсце і выступленні беларускіх артыстаў.

Афіша гарадскога выпускнога

15:00 — урачыстыя цырымоніі ўручэння атэстатаў ва ўстановах адукацыі;

18:00 — збор выпускнікоў на плошчы Савецкай, DJ-сэт;

19:30 — святочнае шэсце выпускнікоў ад плошчы Савецкай да плошчы Леніна;

19:50 — прэв’ю-шоу «Дарога поспеху»;

20:30 — афіцыйнае адкрыццё гарадскога выпускнога;

20:45 — канцэрт беларускіх артыстаў: БРАТКА БЕЛАРУС, IODO BAND, MIRABELLA, Самір Елчыеў, Алена Кузняцова, Крысціна Камінская, Віталій Багданаў, Міхайліна Хвясюк, MARTWIN;

22:00 — выступленне расійскіх хэдлайнераў Фогеля і Slava Marlow, а таксама фінальнае выкананне песні «Прекрасное далеко»;

23:00 — святочны феерверк.

Хто такія Фогель і Slava Marlow

Як і летась, хэдлайнерамі гарадскога выпускнога стануць расіяне.

Фогель (сапраўднае імя — Роберт Чэрнікін) — расійскі поп-спявак і аўтар песень, нарадзіўся ў Магадане ў 2001 годзе. Шырокую вядомасць атрымаў у 2019 годзе пасля выхаду хіта «Малолетняя любовь». Сярод папулярных трэкаў таксама «ЛЕТО 17», «Ревную», «Стерва», «Мальчик» і іншыя. Асноўная аўдыторыя артыста — падлеткі і моладзь. Ён, дарэчы, ужо выступаў у Гродне на выпускным — у 2024 годзе.

Slava Marlow (сапраўднае імя — Арцём Готліб) — расійскі музычны прадзюсар, рэп-выканаўца і блогер з Навасібірска. Вядомасць атрымаў як саўнд-прадюсар рэпера Маргенштэрна, а затым пачаў сольную кар’еру. Яго самыя папулярныя песні — «Снова я напиваюсь», «Ты горишь как огонь», «По глазам» і іншыя.

Асаблівая ўвага бяспецы

Раней падрыхтоўку і арганізацыю мерапрыемства абмеркавалі на пасяджэнні ў Гродзенскім гарвыканкаме. Там адзначылі, што асаблівая ўвага будзе ўдзелена пытанням бяспекі. Дарэчы, у мінулыя гады ў цэнтры горада абмяжоўвалі рух транспарту, выпускнікоў ахоўвала міліцыя, а алкаголь можна было купіць толькі на разліў.

Агульнагарадскія выпускныя ў Гродне праводзяць ужо трэці год. У першым гарадскім выпускным у 2024 годзе прынялі ўдзел каля 2,5 тысячы выпускнікоў, у 2025 годзе — каля 2,6 тысячы чалавек.