У Беларусі плануюць пабудаваць новыя зоны чакання з электроннай чаргой яшчэ каля трох пунктаў пропуска на мяжы з Еўрасаюзам. Гаворка ідзе пра «Бераставіцу» (мяжа з Польшчай), «Грыгароўшчыну» (мяжа з Латвіяй) і «Каменны Лог» (мяжа з Літвой).
Пра гэта 7 мая паведаміў журналістам старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Уладзімір Арлоўскі, перадае БЕЛТА.
Электронная чарга на мяжы — гэта сістэма браніравання часу перасячэння мяжы, якая дазваляе заняць месца ў віртуальнай чарзе, чакаць у спецыяльнай зоне і ўпарадкаваць рух. Яна выключае «жывую» чаргу на дарозе, патрабуючы аплаты ўезду ў зону чакання і фіксацыі нумара аўто.
Сістэма электроннай чаргі ўжо ўкаранёна і працуе на пунктах пропуска «Брэст» і «Казловічы». Зараз там завяршаецца мадэрнізацыя прыгранічнай інфраструктуры і ўладкаванне зон чакання.
Далейшае развіццё сістэмы працягнецца, паводле слоў Арлоўскага, на іншых кірунках.
У «Бераставіцы» будаўніцтва пляцоўкі плануюць пачаць у бліжэйшы час і завяршыць да канца 2026 года.
На пункце пропуска «Грыгароўшчына» работы маюць намер пачаць летам, завяршыць — у наступным годзе.
Таксама змены закрануць «Каменны Лог», дзе ўжо ёсць пляцоўка ў межах лагістычнага цэнтра, але яе часам не хапае. Паводле слоў Уладзіміра Арлоўскага, будаўніцтва асобнай пляцоўкі для электроннай чаргі пачнецца ў 2027 годзе.



