У Гродзенскай вобласці ў 2025 годзе ў параўнанні з папярэднім годам стала больш афіцыйна зарэгістраваных шлюбаў. Згодна са свежымі дадзенымі службы статыстыкі, у 2025 годзе ў рэгіёне зарэгістравалі 5 231 шлюб. Гэта больш, чым годам раней, калі адносіны ўзаконілі 4 864 пары — рост склаў каля 7,5%.

Большасць шлюбаў у 2025 годзе (86,5%) была зарэгістравана ў гарадах і пасёлках гарадскога тыпу, а 13,5% — у сельскай мясцовасці.

Сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб на Гродзеншчыне застаецца стабільным: мужчыны звычайна ўступаюць у шлюб упершыню ў 28,6 года, а жанчыны — у 25,8.

У 2025 годзе мужчыны жаніліся другі раз у сярэднім у 43 гады, жанчыны выходзілі паўторна замуж у сярэднім у 40,1 года.

У 2024 годзе лічбы былі падобнымі: мужчыны ўступалі паўторна ў шлюб у 42,5 года, жанчыны — у 39,5.

Разводы: таксама невялікі рост

У 2025 годзе зарэгістравана 3 692 разводы, тады як у 2024 годзе — 3 563. Рост склаў каля 3,6%.

Больш за палову разводаў прыпадае на людзей у узросце 30–44 гадоў. Структура разводаў па працягласці сумеснага жыцця змянілася мала.

Напрыклад, разводаў у першы год шлюбу стала крыху менш (2,2% у 2025 годзе супраць 2,8% у 2024-м). Самы складаны перыяд па-ранейшаму — першыя чатыры гады сумеснага жыцця. Амаль чвэрць усіх разводаў (24,9% у 2025 годзе) прыпадае менавіта на яго.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы