У Гродне на грамадскае абмеркаванне выставілі абноўлены праект рэканструкцыі былога піўзавода на набярэжнай Нёмана. Абмеркаваць прапануюць уздзеянне на навакольнае асяроддзе. Папярэдняя інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце Гродзенскага гарвыканкама. Згодна з новым графікам, грамадскія абмеркаванні пройдуць з 15 красавіка па 29 чэрвеня 2026 года. Магчыма, правядуць сход.

Што менавіта выставілі на грамадскае абмеркаванне зараз?

У новым праекце прапісана аднаўленне галоўнага корпуса і брадзільні. Былы цэх розліву піва атрымае другі паверх, дзе размесціцца гасцінічны комплекс. Таксама на тэрыторыі ўзвядуць дадатковы адміністрацыйны корпус.

Унутры прадугледжаны музейныя пакоі, выставачныя плошчы, сувенірныя лаўкі і офісы.

Праект уключае падвядзенне газу, электрычнасці, сувязі і вадаправода, а таксама абсталяванне паркоўкі і азеляненне.

Што па экалогіі

Унутры хочуць усталяваць уласныя кацельні на прыродным газе. Гэта прызнана больш эканамічным і экалагічным варыянтам у параўнанні з выкарыстаннем біямасы.

Паколькі будынкі былога піўзавода знаходзяцца ў водаахоўнай зоне Нёмана, прадугледжана ўладкаванне ліўневай каналізацыі і строгі кантроль за стокамі.

Калі пры будаўніцтве прыйдзецца выдаліць дрэвы, правядуць кампенсацыйныя пасадкі. Каб не турбаваць жыхароў цэнтра, шумныя працы абмяжоўваюцца дзённым часам — з 9:00 да 18:00.


Рэканструкцыя піўзавода пачалася ў 2023 годзе. Упершыню праект абнаўлення будынкаў піўзавода прадэманстравалі ў кастрычніку 2022 года. З таго моманту праект дапрацавалі. Верагодна, замест сучасных будынкаў вырашылі зрабіць стылізацыю пад даўніну.

У лютым 2022 года таксама з’яўлялася інфармацыя пра грамадскія абмеркаванні рэканструкцыі піўзавода і ўплыву будаўнічых прац на навакольнае асяроддзе. Тады ў АУАС (ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе) гаварылася толькі пра «падвод інжынерных сетак» (газ, вада, святло) да існуючага будынка і ўладкаванне міні-кацельняў.

У 2022 годзе аб’ект апісваўся агульнымі тэрмінамі «турыстычна-рэкрэацыйнага прызначэння». Як і ў 2026-м, згадваліся выставачныя плошчы, музей, сувенірныя лаўкі і бізнес-апартаменты.

У новай справаздачы дадалося, што праект прадугледжвае захаванне ўсіх гістарычна каштоўных будынкаў з іх рэстаўрацыяй і рэканструкцыяй.

Пасля абнаўлення будынкі захаваюць свой гістарычны выгляд і стануць часткай забудовы гэтай часткі вуліцы.

Заказчык застаўся ранейшым — ТАА «МБА Інвестмент». Таксама як і статус аб’екта: будынкі з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю катэгорыі «3» і знаходзяцца ў водаахоўнай зоне Нёмана.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы