У цэнтры Гродна завяршылася рэканструкцыя старога будынка ў дворыку за крамай «Ратушны» — па адрасе вул. Савецкая, 1. У маі 2026 года тут адкрыецца новая пляцоўка бара «Кватэрнік», які пераязджае з вуліцы Савецкай, 10.
Пра тое, якая ўстанова будзе ў абноўленым старадаўнім будынку, распавяла гродзенская блогерка Кацярына Забеліна. Бар «Кватэрнік» зойме два паверхі. Зараз унутры завяршаюцца аздобныя работы. Каля ўвахода плануюць абсталяваць летнюю тэрасу.
На старонцы бара ў Instagram ужо ёсць інфармацыя пра пераезд. Уладальнікі анансавалі адкрыццё ў маі.
Установа адкрылася ў Гродне летам 2025 года ў будынку былой адміністрацыі Ленінскага раёна. Канцэпцыя бара адсылае да эстэтыкі 60–70-х гадоў XX стагоддзя з фарматамі «адкрыты мікрафон» і «адкрытая гітара», імітуючы атмасферу падпольных хатніх канцэртаў савецкай эпохі.
Што за будынак
Будынак на Савецкай, 1 — дваровы флігель — пачалі рэканструяваць у 2024 годзе. Ён уваходзіць у склад гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі «2» (нацыянальнай значнасці) — «Забудова вул. Савецкай». Адрэмантаваны будынак захаваў гістарычнае аблічча. Будаўнікі расчысцілі старую цагляную кладку, дадалі новыя вокны і дэкаратыўныя фальш-аканіцы.
Лёс «Крыгі» і мінулае дворыка
Новая пляцоўка знаходзіцца па суседстве з домам, дзе калісьці размяшчалася галерэя «Крыга». Яна працавала тут з 2009 года. Пэўны час там жа існаваў і «Цэнтр гарадскога жыцця». У 2017 годзе галерэю закрылі ўлады праз прэтэнзіі да перапланіроўкі будынка. Потым на месцы «Крыгі» знаходзілася майстэрня мастака Алеся Сурава.
У самім дворыку на Савецкай у розны час праходзілі экапікнікі, арт-фестывалі і вечары народнага танца ў межах ініцыятывы «Танцы гродзенскіх дворыкаў».
Што кажуць гродзенцы
Гродзенцы пішуць, што хацелі б бачыць нешта ва ўтульным беларускім стылі. Аднак некаторыя задаволеныя і прапанаваным варыянтам. «Нарэшце ў гэтым дворыку будзе двiжуха, а не апраметная цемра. Аднак там, у кутняй кватэры, жыве бабуля. Цікава, як яна будзе гэта цярпець», — пацікавілася яшчэ адна жыхарка горада. Кацярына адказала, што бабуля не ў захапленні, але ў яе кватэры ў двор выходзіць толькі вакно кухні.




