Пасля выдалення YouTube-каналаў дзяржСМІ — АНТ, СТВ і агенцтва БелТА — у Беларусі прапанавалі заблакіраваць сам відэахостынг. Дзяржтэлеканал «Беларусь 4» правёў вулічнае апытанне ў Гродне. У сюжэце сцвярджаецца, што беларусы лёгка змогуць адмовіцца ад YouTube або перайсці на іншыя платформы. Апублікаванае 5 красавіка ў Instagram відэа выклікала процілеглую рэакцыю. У каментарыях пад відэа карыстальнікі раскрытыкавалі апытанне і зусім не падтрымалі блакіроўку YouTube у Беларусі.

Што адбылося

Увечары 3 красавіка YouTube выдаліў каналы буйных дзяржаўных медыя Беларусі — інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА, а таксама тэлеканалаў АНТ і СТВ. У БЕЛТА заявілі, што прычынай сталі ўведзеныя санкцыі. Прадстаўнікі платформы афіцыйна гэтае рашэнне не каментавалі.

Міністэрства інфармацыі Беларусі раскрытыкавала дзеянні YouTube, назваўшы іх «недружалюбным і беспадстаўным крокам», і заявіла, што пакідае за сабой права прыняць меры ў адказ.

Паводле правілаў YouTube, канал можа быць выдалены за неаднаразовыя парушэнні. Звычайна спачатку карыстальнік атрымлівае паведамленне. Пры паўторных парушэннях на працягу 90 дзён выносіцца папярэджанне і часова абмяжоўваецца публікацыя відэа. Калі папярэджанняў становіцца тры за гэты перыяд, канал могуць выдаліць без магчымасці аднаўлення.

Што за апытанне

У гродзенскім апытанні прынялі ўдзел пяць чалавек рознага ўзросту. Адзін з удзельнікаў — малады хлопец — распавёў, што карыстаецца рознымі сэрвісамі, у тым ліку «айчыннымі», і пры неабходнасці зможа перайсці на іншую праграму. Пры гэтым ён адзначыў, што апошнім часам амаль не глядзіць YouTube.

Пажылая жанчына прызналася, што звычайна глядзіць на YouTube «апавяданні» перад сном, але дапусціла, што магла б перайсці на іншую платформу, калі з’явіцца аналагічны беларускі сэрвіс.

Яшчэ адна ўдзельніца сказала, што рэдка карыстаецца відэахостынгам і заходзіць туды ў асноўным, каб паглядзець хакейныя матчы свайго сына. Таму яна не выключыла, што магла б абысціся і без YouTube. Іншая дзяўчына таксама заявіла, што ў цэлым не супраць магчымых абмежаванняў. Паводле яе слоў, «трэба прывыкаць да беларускай платформы».

Пры гэтым у сюжэце не аказалася ніводнага мінака, які выступіў бы супраць магчымых абмежаванняў.

Што кажуць каментатары

У Instagram і Threads пад відэа людзі казалі процілеглае.

«Нешта не верыцца ні кроплі ў гэтае апытанне. 99% людзей нават не ведала, што на ютубе ёсць дзяржканалы. Хто іх там глядзіць? Для дзяржканалаў тэлевізар ёсць. Ютуб не для гэтага выкарыстоўваюць», — напісаў адзін з каментатараў пад сюжэтам.

«Жах. Доўга шукалі гэтых людзей?», — напісаў іншы.

«Апытвалі супрацоўнікаў БТ?»

«Спыталі толькі ў зручных) бо іншая пазіцыя відавочна была б пакараная».

«Што за трызненне, ніводнага беларуса не ведаю ў асяроддзі, хто за блакіроўку Ютуб. Укід наогул не ад свету гэтага», — напісаў карыстальнік.

«Што за трызненне». У апытанні дзяржТБ гродзенцы падтрымалі блакіроўку YouTube — у сацсетках не пагадзіліся
Фота: pexels.com, носіць ілюстрацыйны характар

Альтэрнатывы няма

Іншыя казалі, што без YouTube будзе цяжка, і альтэрнатывы яму няма. Маўляў, там ёсць кантэнт ад урокаў па маляванні да выхавання сабак. Да таго ж, блакіроўкі паўплываюць на эміграцыю і іміграцыю.

«Ніякіх блакіровак! На YouTube мільёны карысных каналаў для развіцця з усяго свету — ад мікра- да макракосмасу, а не толькі ваша палітыка. Ужо вырасла цэлае пакаленне, для якога інтэрнэт і сацсеткі — гэта цэлы свет. Моладзь і так уся раз’ехалася. Не страцьце яе рэшткі», — напісаў іншы.

«Не трэба нічога блакіраваць, у РБ засталося 9 млн чалавек, працаваць хутка няма каму будзе. Свабодны інтэрнэт прыцягвае белых адукаваных мігрантаў у краіну. Навошта вы форсіце тэму блакіровак? Каб адпомсціць? Цяпер не найлепшы час. Пачытаем Белту на сайце Белты. Ніякіх праблем няма», — напісаў нехта.

Былі і прапановы заблакіраваць прапагандыстаў і не праводзіць падобных апытанняў. Каментатары асуджалі гродзенцаў з відэа і сумняваліся, што атрымаецца стварыць «айчынны» YouTube.

Некалькі каментарыяў з падтрымкай

Былі і адзінкавыя каментарыі, якія падтрымлівалі рашэнне аб блакіроўцы YouTube у Беларусі.

«Трэба з расіянамі кааперавацца і працаваць у гэтым кірунку. Ад заходніх платформаў неабходна адмаўляцца. Там дэмакратыі ў сто разоў менш, чым у нас», — адзначыў адзін з карыстальнікаў, аднак з ім адразу паспрачаліся іншыя каментатары.

«Інтэрнэт і гэтая сацсетка таксама заходняя, а яшчэ медпратаколы і твае антыбіётыкі таксама, дафіга ў нас заходняга, пачынаючы з сервераў, заканчваючы тэстамі на цяжарнасць, хочаш адысці — ідзі ў лес, кармі кляшчоў у земляную пячору ці шалаш», — напісалі яму ў адказ.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы