За ўвесь 2025 і пачатак 2026 года эканамічны суд Гродзенскай вобласці разгледзеў 19 спраў, звязаных з ухіленнем ад падаткаў. Аб схемах, якія выкарыстоўваюць прадпрымальнікі, каб заплаціць менш падаткаў, піша «Гродзенская праўда». 

Драбленне бізнэсу

Прадпрымальнікі дробняць бізнэс, каб знізіць падатковую нагрузку. Калі выручка дасягае вызначанага парога, прадпрымальнік абавязаны пераходзіць на агульную сістэму падаткаабкладання, а стварэнне дробных і падкантрольных адзін аднаму фірмаў дазваляе гэтага пазбегнуць.

У Гродне летась прадпрымальнік аспрэчваў у эканамічным судзе даналічаныя падаткі і саму праверку, фармальна сцвярджаючы, што кантралёры дзейнічалі неправамерна. Па сутнасці спрэчка тычылася пытання: ці быў у бізнесмена адзін бізнес або некалькі “незалежных”.

Бізнесмен здаваў нежылую нерухомасць у арэнду кампаніям. Калі даходы пачалі расці, прадпрымальнік зарэгістраваў сваю жонку як ІП. Фармальна частка нерухомасці перайшла да жонкі і яна таксама пачала атрымліваць даход.

Праверка паказала, што дамова аб перадачы маёмасці была не зусім звычайнай: аплату расцягнулі на дваццаць гадоў, кошт аб’ектаў быў рынкавы, а фактычны кантроль заставаўся ў ранейшага ўладальніка. Фармальна ўласнік змяніўся, а фактычна – не.

Пасля прадпрымальнік зарэгістраваў маці жонкі, а затым – прыватнае прадпрыемства. Усе займаліся адным і тым жа – здачай нерухомасці ў арэнду, і ў кожнага заяўленая ў дэкларацыях выручка заставалася ў межах умоў прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання.

Замена супрацоўнікаў на незалежных падрадчыкаў

Некаторыя кампаніі на паперы супрацоўнічаюць з самазанятымі, хаця насамрэч людзі выконваюць функцыю штатных супрацоўнікаў. Гэта робяць для таго, каб зменшыць памер падатковых выплат з заробку (падаходны падатак, унёскі ў фонд сацыяльнай абароны, страхавыя адлічэнні).

Падобную схему выкарыстоўвалі ў адным з адукацыйных цэнтраў Гродна – там аказвалі рэпетытарскія паслугі. Цэнтр выступаў як арганізатар працэсу: прыцягваў вучняў, забяспечваў расклад, адміністраванне, памяшканні. Але заняткі праводзілі не штатныя выкладчыкі, а людзі, зарэгістраваныя як ІП. З імі заключалі дамовы на аказанне паслуг.

— Высветлілася, што ўсе гэтыя індывідуальныя прадпрымальнікі працавалі фактычна як звычайныя выкладчыкі цэнтру. У іх быў фіксаваны расклад, які фарміраваў сам цэнтр, яны вялі заняткі ў памяшканнях цэнтра, з выкарыстаннем матэрыялаў і інфраструктуры цэнтра. Вучні прыходзілі не да канкрэтнага ІП, а менавіта ў цэнтр – і часта нават не ведалі, што выкладчык працуе як самастойны прадпрымальнік, – кажа суддзя эканамічнага суда Гродзенскай вобласці Марына Рослік.

У большасці супрацоўнікаў не было іншых кліентаў. Іх даход практычна цалкам залежаў ад аднаго заказчыка – рэпетытарскага цэнтра.

Па выніках праверкі цэнтру даналічылі больш за 200 тыс. руб. падаткаў і пеняў.

Маніпуляцыі з ПДВ

Такую схему выкарыстоўваюць пры закупцы імпартных тавараў. Пры ўвозе ў Беларусь фірма выплачвае ПДВ на мытні, але пасля афармляе дакументы так, нібыта тавар прадалі ўнутры краіны з налічэннем ПДВ. Дзякуючы гэтаму можна прыняць раней выплачаны падатак да выліку, зменшыць падатак на прыбытак і нават заявіць суму ПДВ да вяртання з бюджэту. Фактычна такія продажы не пацвярджаюцца патрэбнымі дакументамі.

– Высветлілася, што ў рэальнасці продаж тавараў не пацвярджаўся ніякімі дакументамі. Пакупнікі і акалічнасці далейшага лёсу тавара невядомыя, касавыя аперацыі фіктыўныя. У бухгалтарскім уліку проста ствараецца бачнасць здзелкі з афармленнем паступлення выручкі праз касу, – кажа стажор суддзі Ганна Глінда. – Калі тавар, які паступіў, адсутнічае і яго далейшы лёс невядомы, з пункту гледжання падатковага заканадаўства ён лічыцца страчаным. У гэтым выпадку падатак на прыбытак вылічаецца на ўсю суму атрыманых грашовых сродкаў, атрыманне якіх не абгрунтавана першаснымі ўліковымі дакументамі, і лічыцца не звязаным з рэалізацыяй тавару, што павялічвае суму падатку. Таксама змяншаюцца неабгрунтаваныя падатковыя вылікі па ПДВ, што можа прывесці да неабходнасці даплаты і гэтага падатку.

Чытайце таксама: Фонд «Чудо детям» абвінавачваюць у асабліва буйным махлярстве – грошы збіралі на вуліцах

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы