Перад каталіцкім Вялікаднем, які сёлета адзначаецца 5 красавіка, на мяжы з Беларуссю традыцыйна растуць чэргі. Многія беларусы едуць дадому на святы. Колькасць транспарту павялічваецца з чацвярга. Пры гэтым беларускія памежнікі паведамляюць, што за апошнія суткі чарга легкавых машын на выезд у ЕС вырасла прыкладна на 100 аўтамабіляў.
КПП «Брузгі»: выезд з Польшчы цалкам забіты
На пункце пропуска «Брузгі» 2 красавіка назіраюцца чэргі і марудны рух пры ўездзе ў Беларусь. Кіроўцы паведамлялі, што станам на 13:20 з польскага боку перад шлагбаумам стаіць каля 30 аўтамабіляў, а чарга расцягнулася «да школы», і «ўсё забіта».
Пры гэтым выезд з польскага боку практычна цалкам запоўнены — машыны стаяць у два рады і рухаюцца вельмі марудна. Паводле слоў відавочцаў, рух адбываецца прыкладна раз у 10–20 хвілін, калі прапускаюць некалькі аўтамабіляў.
Адзін з кіроўцаў паведаміў, што заехаў на мяжу а 9:00, да памежнікаў трапіў а 9:30, а выехаў у Беларусь толькі ў 14:40. Паводле яго слоў, на «чырвоным» канале занятыя ўсе тры паласы і рух ідзе марудна, тады як «зялёны» калідор практычна пусты.
КПП «Бераставіца»: дбайны дагляд
На КПП «Бераставіца» раніцай было амаль пуста, але праверка заняла шмат часу. «Перад мяжой нікога (5:50 раніцы) не было, унутры таксама. Палякаў прайшлі за 10 хвілін, на беларускім боку на чырвоным канале было ўсяго 10 машын, але прастаялі пяць з паловай гадзін. Правяраюць вельмі дасканала і абсалютна ўсё, плюс адправілі на сканер», — адсправаздачыўся нехта ў чаце.
Трохі пазней іншыя карыстальнікі адзначалі, што прайшлі мяжу крыху больш чым за гадзіну, а аб 11-й раніцы чэргаў не было. Але абодва бакі даглядаюць «добра». Глядзяць пакеты, заплечнікі, валізкі да самага дна, бардачкі, пад капотам. «Палякі мэтанакіравана шукаюць парашкі, капсулы, гелі. Плюс нельга алюміній, таму не спадабалася патэльня ў багажы (але аказалася нержавеючая сталь)», — напісаў адзін з карыстальнікаў. У абедзенныя гадзіны сітуацыя мала змянілася — некаторыя падарожнікі адзначалі, што праходжанне мяжы заняло каля 1,5 гадзін.
КПП «Брэст»: доўгія чэргі і марудны рух
На пункце пропуска «Брэст» таксама назіраюцца затрымкі пры ўездзе ў Беларусь. Паводле слоў падарожнікаў, аўтамабілі стаяць на мосце ўжо больш за дзве гадзіны. Пры гэтым праз мяжу актыўна прапускаюць аўтобусы. Чарга з боку Польшчы расцягнулася прыкладна на 600 метраў — крыху далей за паварот на Акчын — і працягвае павялічвацца (станам на 12:45).
Некаторыя кіроўцы адзначаюць, што на праходжанне мяжы сыходзіць каля чатырох гадзін. Адзін з аўтамабілістаў паведаміў, што заехаў на польскі бок у 9:40 і выехаў у Беларусь толькі ў 13:50. Акрамя таго, паводле слоў відавочцаў, на беларускім боку праводзяць дбайныя праверкі: рэчы просяць цалкам выкладаць з багажнікаў, правяраюць чэкі, а аўтамабілі нярэдка адпраўляюць на рэнтген.
Літва: чарга ў КПП «Каменны Лог»
На беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуска «Каменны Лог» 2 красавіка таксама ўтварылася чарга. Па паведамленнях падарожнікаў у памежных чатах, калона аўтамабіляў з боку Літвы расцягнулася на некалькі соцень метраў. Па ацэнках кіроўцаў, у чарзе можа знаходзіцца прыкладна 100 машын. «Хвост за запраўкай аўтамабіляў», — напісаў адзін з карыстальнікаў а 15:45.

Беларускія памежнікі: паток на выезд расце
Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведамляе, што на выездзе з краіны пачалі павялічвацца чэргі ў пунктах пропуска.
На польскім напрамку перад пунктам «Тэрэспаль» (сумежны — «Брэст») чакаюць каля 90 легкавых аўтамабіляў. За суткі польскі бок аформіў толькі 36% транспарту.
Перад пераходамі «Медынінкай» («Каменны Лог») і «Шальчынінкай» («Беняконі») на ўезд у ЕС стаяць прыкладна 80 і 20 легкавых машын. Літоўскія службы апрацавалі каля паловы транспарту ад нормы — 52%.
На ўезд у Літву чакаюць 360 грузавікоў. У пункце «Медынінкай» («Каменны Лог») за суткі аформілі толькі 33% вялікагрузаў, праз «Шальчынінкай» («Беняконі») — 49%.



