У гістарычным цэнтры Гродна на вуліцы Урыцкага, 16 прадаюць яшчэ недабудаваны будынак. Зараз аб’ект закансерваваны, тэрмін уводу ў эксплуатацыю — IV квартал 2026 года. Кошт усяго будынка — $395 тысяч. Сума разлічана ўжо з ПДВ.
Аб’ява аб продажы з’явілася на сайце рыэлтарскага агенцтва «Магазин недвижимости».
Магчымая растэрміноўка і продаж асобных памяшканняў:
- Падвал (40,7 м²) — каля $63 500,
- Першы паверх (60,8 м²) — каля $146 000,
- Мансардны паверх — некалькі памяшканняў па $59 500–60 300.
Унутры будынак падрыхтаваны да апрацоўкі: бетонныя сцены і столі, падлога — сцяжка. Звонку — дэкаратыўная тынкоўка і афарбоўка фасада, фальцавы дах. Тэрыторыя добраўпарадкавана: тратуарная плітка, газоны, кусты.

Ёсць усе камунікацыі: ацяпленне, гарачая і халодная вада, каналізацыя, электрычнасць, пяць санвузлоў, цеплавузел і электравузел, пажарная сігналізацыя.
Зямельны ўчастак прадастаўлены ў арэнду да 13 красавіка 2073 года. Аб’ект не мае абцяжарванняў, залогаў і не ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Аднак участак уваходзіць у зону аховы гістарычнага цэнтра Гродна.

Раней на месцы будынка быў праход з Гараднічанскай на Урыцкага. З іншага боку ад дома знаходзіцца невялікая пабудова незвычайнай формы — былы бар «Бочка».
Пра планы прадаць пад забудову ўчастак каля дома на Урыцкага, 14 стала вядома ў лістападзе 2022 года. Аўкцыён адбыўся 14 сакавіка 2023 года, участак купіў Гродзенскі мэблевы холдынг. Пасля заказчыкам будоўлі значылася фірма «ЗКВ Флагман». Асноўны від дзейнасці фірмы пазначаны як бухгалтарскі ўлік і кансультаванне па падаткаабкладанні.




