У сакавіку стала вядома аб ліквідацыі KinderVita — фонду, які дапамагаў анкахворым дзецям. Арганізацыя падпарадкавалася патрабаванням Галоўнага ўпраўлення юстыцыі (ГУЮ) Мінгарвыканкама і спыніла дзейнасць. Нягледзячы на гэта, беларускія дзяржаўныя медыя працягнулі ціснуць на валанцёраў фонду, распавядаючы нібыта пра педафілію і крадзеж. Пры гэтым аб крымінальных справах не паведамлялася. Hrodna.life сабраў усё, што вядома да канца сакавіка.
Пасля ліквідацыі фонду ў ГУЮ Мінгарвыканкама паведамілі, што фонд можа абскардзіць рашэнне ў судзе. Валанцёры не сталі падаваць пазоў – у сваім Instagram яны адзначылі, што “паважаюць законы краіны і падпарадкуюцца патрабаванням органаў кіравання”.
Тым не менш чыноўнікі і беларускія дзяржаўныя медыі ўбачылі у публікацыях KinderVita “фарміраванне негатыўнай грамадскай думкі”.
Публікацыя ў TikTok і абвінавачванні ў педафіліі. Як далей разьвіваліся падзеі?
У канцы сакавіка ў TikTok з’явілася відэа, у якім бацькі звярнуліся да Лукашэнкі — прасілі захаваць фонд. Пасля гэтага ў праўладных Telegram-каналах пачалі з’яўляцца “выкрывальныя” пасты. У прыватнасці ў іх паведамлялася, што фонд стварылі, каб “нажывацца на чужым горы”. Таксама пісалі аб праведзенай праверцы, якая нібыта выявіла «факты крадзяжу, выявіла выпадкі педафіліі і сэксуальных здзекаў з хворых дзяцей».
Старшыня Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў сцвярджае, што стваральніца фонду, Надзея Манцэвіч, “замяшаная ў крымінальнай справе аб распаўсюджванні парнаграфіі”.
Цяпер праўладныя Telegram-каналы абяцаюць “хутка паказаць відэа з асабістых архіваў” валанцёраў KinderVita.
Праўладныя каналы атрымалі доступ да персанальных відэа валанцёраў
Ролікі з удзелам валанцёраў з’явіліся ў сетцы – іх апублікаваў Telegram-канал “ЖС Premium”. У відэа валанцёры адпачываюць на хатняй вечарынцы: спяваюць песні, п’юць алкаголь, смяюцца.
Яшчэ адно відэа было знята, верагодна, у офісе фонду – у роліку валанцёры жартуюць, што прыступілі да працы толькі пасля скаргаў ад начальства. Як праўладныя каналы атрымалі доступ да ролікаў – невядома.
KinderVita апублікавала фінансавую справаздачу за 2025 год
У сваёй апошняй публікацыі ў Instagram фонд папярэджваў, што не будзе выдаляць сацсеткі, але таксама не будзе дадаваць новыя публікацыі. Цяпер на сайце фонду апублікаваны фінансавы аналіз дзейнасці KinderVita за мінулы год.
Згодна з ім, усе атрыманыя ад збораў сродкі (1,9 млн руб.) пайшлі на дабрачыннасць. Грошы патрацілі на набыццё лекаў, аплату лячэння дзяцей, а таксама закуп спецхарчавання, сродкаў гігіены і цацак.
Чым займалася арганізацыя KinderVita?
KinderVita стваралі з мэтай дапамогі анкахворым дзецям. Яе заснавала беларуска Надзея Манцэвіч – яе сын Яраслаў таксама хварэў на анкалогію. Пасля пастаноўкі дыягназу і лячэння Надзея зразумела, што бацькам хворых дзяцей не хапае падтрымкі, таму яна вырашыла стварыць арганізацыю, якая дапамагала б сем’ям.
KinderVita развівала розныя праекты. Напрыклад, «скрыначку адвагі» – збіралі сродкі гігіены і цацкі для дзяцей. Таксама валанцёры закуплялі спецхарчаванне і медыкаменты, віншавалі дзяцей з днём нараджэння ці рэмісіяй.
Чытайце таксама: Улада ліквідавала арганізацыі, якія дапамагалі ўразлівым. Іх месца не зойме дзяржава і бізнес




