Падчас добраўпарадкавання дарожак і праездаў каля Новага замка ў Гродне знялі верхні слой асфальта. Пад ім быў брук. Карыстальнікі і медыя меркавалі, што яна старажытная. Спецыялісты ж распавялі, што гэта – «навадзел», выкладзены ў 50-я гады ХХ стагоддзя. Брук часткова дэмантуюць, паведамляе ТРК «Гродно». 

Брук укладвалі ў 50-я і 60-я гады ХХ стагоддзя, калі Новы замак перабудоўвалі пад абкам партыі, заявіў Алег Шымбарэцкі, галоўны архітэктар праекта рэканструкцыі і добраўпарадкавання замка.

Паводле яго слоў, грунт пад брукам прасядае і правальваецца, з-за чаго камень хістаецца. “Зондаж паказаў, што брук ляжыць проста на пясочку без ушчыльнення”, – кажа ён.

Пакрыццё не адпавядае мінімальным патрабаванням апорнай здольнасці, таму пляцоўку з боку Нёмана цалкам дэмантуюць. Дзе стан грунту крыху лепшы, напрыклад, з боку вуліцы Давыда Гарадзенскага, фрагменты бруку захаваюць.

Пяць гадоў таму археолагі прапаноўвалі захаваць брук

У 2018 годзе пад асфальтам каля Новага замка ўжо знаходзілі брук – тады яго выпадкова выявілі падчас планавай пракладкі цеплатрасы.

Археолаг Іван Спірын вывучыў фрагменты бруку і прыйшоў да высновы, што яна знаходзіцца ў добрым стане. “Тая, што на паверхні, як мяркуецца, 19-20 ст., а другая, якая глыбей, магчыма, з часоў будаўніцтва замка – сярэдзіны 18 стагоддзя”, – казаў Спірын.

Археолаг меркаваў, што ў будучыні брук можна было б аднавіць. Яшчэ раней з падобнай ідэяй выступаў тагачасны кіраўнік Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. Аднак задумка так і не была рэалізаваная.

Чытайце таксама: Будынак у «тусовачным» дворыку на Вялікай Траецкай у Гродне адрэстаўруюць і «дададуць аб’ёмы»

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы