У час пракладкі цеплатрасы на тэрыторыі Новага замка пад асфальтам знайшлі фрагмент выбрукаванай з камянёў старой дарогі. Пра яе аднаўленне сёння гаворкі не ідзе, бо знаходу зрабілі выпадкова ў час замены труб.

Усе земляныя работы на тэрыторыі Новага замка праводзяцца пад наглядам археолага з Акадэміі навук. Тая частка бруку, якую выявілі, была ў добрым стане. Археолаг Іван Спірын яе зачысціў і зафіксаваў.

На Новым замку пад асфальтам знайшлі брук. І ён у вельмі добрым стане!

Праз некалькі дзён працоўныя разабралі брукаванку з дапамогай трактара, а камяні склалі ў кучы, бо ў гэтым месцы трэба было пракладаць камунікацыі.

«Пад асфальтам на тэрыторыі Новага замка брук у добрым стане, — распавядае археолаг Іван Спірын. — Тую невялікую частку, якую разабралі, можна будзе ў будучыні аднавіць. Наогул, я ўбачыў у зямлі часткі двух розных брукаваных дарог. Тая, што на паверхні, як мяркуецца, 19−20 ст., а другая, якая глыбей, магчыма, з часоў будаўніцтва замка — сярэдзіны 18 стагоддзя».

Каля двух гадоў таму старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцоў прапаноўваў дырэктару гісторыка-археалагічнага музея Юрыю Кітурку заняцца аднаўленнем на тэрыторыі Новага замка старой брукаванкі. Тады, відаць, гэтай ідэі значэння не надалі, але сёння, калі выявілі брук, можна і задумацца аб планах на будучыню.