Вольга Бондарава размясціла ў Telegram-канале паведамленне “ад таварышаў”. Яны збіраюць подпісы пад калектыўным зваротам з просьбай спыніць у краіне “прапаганду акультызму (у тым ліку паганства), гвалту і жорсткасці”.

Ліст змяшчае 26 тыс. знакаў – 12 старонак 12 кегелем. Яно пачынаецца з кампліментаў Лукашэнку і ўспамінаў пра СССР.

– Разумныя бацькі ведаюць: каб выхаваць добрае дзіця, якое не будзе клопатам усё жыццё, а прынясе радасць і дагледзіць у старасці, трэба ўкладвацца. Чытаць добрыя кнігі, паказваць добрыя фільмы, слухаць добрую музыку, многае тлумачыць… Гэтак жа і на ўзроўні дзяржавы. Калі ўлада праз кнігі, фільмы, музыку дазваляе прапаганду зла, то выхавае злы, няўдзячны народ, здольны здрадзіць і прадаць любую ўладу, – пішуць заяўнікі.

Дзе таварышы Бондаравай бачаць акультызм?

Аўтараў звароту бянтэжаць:

  • Кнігі «Пачастунак для цмока» і «(Не)чистый Минск»;
  • Фільм «Король и шут. Навсегда». “Ідэя фільма – барацьба за існаванне “панк-сусвету”, г. зн. за тое, каб усякая д’ябальшчына была нормай для людзей”, – лічаць заяўнікі;
  • Балет “Купалье”;
  • Фестываль «Шлях цмока»;
  • Традыцыйныя беларускія міфы ў некаторых школьных падручніках;
  • Сімфанічная панк-казка “Король и шут”.  

Вінавацяць і чыноўнікаў

“Напрыклад, узгадваецца грамадскае абмеркаванне праекта “Канцэпцыі развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024-2026 гады». < … > Бачым, што чыноўнікі, адказныя за культуру, на паперы за маральнасць, а на справе дапамагаюць прапагандзе амаральнасці, жорсткасці. Падпісваюць дазволы на канцэрты, прадастаўляюць самыя вялікія дзяржаўныя пляцоўкі для выступаў, забяспечваюць рэкламай на тэлебачанні.

Хочацца спытаць: А, навошта нам тады гэта канцэпцыя? Навошта праводзілі абмеркаванне? Навошта складаюцца планы і мерапрыемствы для выканання канцэпцыі? Навошта на ўсё гэта марнаваць час, сілы, бюджэтныя грошы?” – пытаюцца актывісты.

Таксама яны спасылаюцца на меркаванні псіхолагаў аб адрэналіне і фільмах жаху. А яшчэ – на Канстытуцыю. Маўляў, “Дзяржава спрыяе духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі” (артыкул 32.1), «Дзяржава садзейнічае развіццю культуры» (артыкул 51).

Што яны хочуць адмяніць і забараніць?

Заяўнікі просяць забараніць правядзенне канцэртаў, паказ фільмаў, спектакляў, продаж кніг, якія змяшчаюць акультызм, гвалт і жорсткасць. А таксама — забараніць прапаганду паганства, увесці адміністрацыйную адказнасць за прапаганду акультызму і выключыць з самазанятасці ведзьмакоў, варажбітак і “іншых акультных асоб”.

Чытайце таксама: Стала вядома, за што год таму судзілі Бондараву

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы