У Бераставіцкім раёне расследуюць справу супраць 54-гадовага трэнера па вольнай барацьбе. Яго падазраюць у тым, што ён даў сваёй непаўналетняй спартсменцы забароненае рэчыва перад спаборніцтвамі.

Паводле версіі следства, жыхар Бераставіцы са жніўня мінулага года рыхтаваў 17-гадовую дзяўчыну да буйнога турніру. Акрамя выніку, мужчыну таксама было важна захаваць сваю кваліфікацыю «Трэнер вышэйшай катэгорыі». Ён пастаянна сачыў за вагой спартсменкі і прымушаў яе худзець «любой цаной», каб увайсці ў заяўленую вагавую катэгорыю да 40 кілаграмаў.

У дзень ад’езду на спаборніцтвы мужчына даў дзяўчыне таблетку. Ён думаў, што яна дапаможа хутчэй скінуць вагу.

Да старту спартсменка сапраўды дасягнула патрэбнай масы. На спаборніцтвах яна абышла саперніц і заняла першае месца. Аднак допінг-тэст, узяты пасля перамогі, выявіў забароненае рэчыва. Дзяўчына пра гэта нават не падазравала, вынікі проб яе шакавалі.

Што кажа трэнер

Трэнер цалкам прызнаў віну. Ён распавёў, што трэніраваў дзяўчыну з яе васьмі гадоў і заўсёды лічыў яе вельмі перспектыўнай. Дзеля ўдзелу ў прэстыжных спаборніцтвах ён і даў дзяўчыне таблетку, не задумваючыся пра наступствы. Тэарэтычнымі ведамі ў галіне антыдопінгу мужчына не валодаў, а кваліфікацыйныя тэсты, паводле яго слоў, праходзіў наўздагад.

Вядома, што мужчына жыве адзін, працуе трэнерам з 2003 года і раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся.

Крымінальная справа ўзбуджана па артыкуле аб прымяненні забароненых рэчываў у дачыненні да непаўналетняга спартсмена. Расследаванне працягваецца.

Санкцыі артыкула: штраф, абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін да аднаго года.

Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы