Пажар на могілках «Аульс» у Гродне адбыўся днём 8 сакавіка — гарэла адна з магіл. На месца здарэння выязджалі падраздзяленні МНС.
Загаранне ўдалося ліквідаваць падручнымі сродкамі. Агонь пашкодзіў «рытуальную маёмасць» на адной з магіл — бачна, што згарэлі вянкі.
Паводле папярэдняй версіі, прычынай пажару магла стаць пакінутая без нагляду лампада.
Гэта не першы выпадак пажару на могілках. Так, у жніўні мінулага года агонь знішчыў кветкі і вянкі, а таксама пашкодзіў памятны крыж на адной з магіл. Адна з версій пажару — таксама пакінутая без нагляду запаленая лампада.
Могілкі ў Аульсе працуюць з 1997 года. Іх плошча — больш за 40 га. Яны былі адзінымі адкрытымі для пахаванняў могілкамі ў горадзе. У 2018 годзе загаварылі пра пашырэнне тэрыторый — атрымаць дазвол было няпроста. Патрабавалася згода Лукашэнкі на вывад з карыстання ворных земляў.
У 2023 годзе на тэрыторыі Аульса з’явіўся першы ў Гродне калумбарый. Летам 2024 года старую частку могілак — Петропаль — закрылі для новых пахаванняў. Цяпер хаваюць на другім баку шашы паміж Аульсам і Путрышкамі.




