У Гродне ўсё ж пройдуць Казюкі. 28 лютага ў цэнтры горада адбудзецца традыцыйны рамесны кірмаш, які мясцовыя ўлады нейкі час таму сталі сумяшчаць з Масленіцай.
Фестываль на вуліцы Савецкай можна будзе наведаць з 11:00 да 19:00. Як паведамляе ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, у горад прыедуць рамеснікі з усёй краіны. Можна будзе набыць аўтарскія сувеніры, паўдзельнічаць у майстар-класах па кераміцы і іншых рамёствах, а таксама ўбачыць абрад пасвячэння маладога майстра ў рамеснікі.
Канцэртная праграма пачнецца а 13:00 з урачыстага адкрыцця свята, а затым працягнецца выступамі фальклорных калектываў. Завершыць дзень эстрадны канцэрт з удзелам артыстаў з Мінска.
Блытаніна з датамі
У Гродне некалькі апошніх гадоў Казюкі і Масленіцу сталі праводзіць разам.
У гэтым годзе, мяркуючы па ўсім, такі фармат павінен быў таксама захавацца. Фестываль «Гродзенскі РазГуляй» з Масленіцай і Казюкамі планавалі на 28 лютага, але дата выклікала пытанні. Масленіца ў гэтым годзе завяршылася 22 лютага, а 28-е прыпадае на пачатак Вялікага посту. А да рамеснага кірмашу, які традыцыйна праводзіўся ў бліжэйшыя выхадныя да 4 сакавіка — Дня святога Казіміра, яшчэ было далёка.
У выніку фармат змянілі: масленічны «РазГуляй» прайшоў 22 лютага. Пры гэтым дату гулянняў змянілі літаральна «за тры дні» да мерапрыемства.
Пра святога Казіміра не сказалі
Пры гэтым у анонсах Казюкоў па-ранейшаму амаль не тлумачыцца, чаму менавіта прысвечаны гэты дзень. Гістарычна Казюкі звязаны з памяццю святога Казіміра — княжыча, сына караля і вялікага князя Казіміра Ягелончыка, які памёр у 1484 годзе ў замку ў Гродне і пазней быў кананізаваны. Святы Казімір лічыцца апякуном Літвы, моладзі, рамеснікаў і Гродзенскай каталіцкай дыяцэзіі.
Казюкі: гісторыя кірмашу ў Гродне
У 2026 годзе адроджанаму ў Гродне фестывалю рамеснікаў «Казюкі» спаўняецца 25 гадоў, аднак за апошнія гады традыцыя заўважна абясцэнілася. Апошні раз Казюкі праходзілі як самастойнае мерапрыемства ў 2021 годзе. Тады фестываль яшчэ захоўваў статус міжнароднага — у ім удзельнічалі майстры з Украіны.
У 2022 годзе ў Гродне правядзенне Казюкоў і Масленіцы ўпершыню сумясцілі. Тады рамесны кірмаш прайшоў на Савецкай, а гулянні — на плошчы Леніна. У 2023 годзе Казюкі і Масленіца ў Гродне праходзілі ў сакавіку і ўжо на адной плошчы — Савецкай. На рамесны кірмаш, які калісьці збіраў майстроў з суседніх краін, не прыехаў ніводзін замежны прадстаўнік.


