Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў прызначыў новага кіраўніка агракамбіната «Скідзельскі» падчас рабочай паездкі і раскрытыкаваў работу прадпрыемства, паведамляе тэлеканал «Гродна Плюс».
Новым кіраўніком камбіната стаў Сяргей Бычак — ураджэнец Ваўкавыскага раёна. Ён скончыў Гродзенскі сельгасінстытут і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце.
Раней прадпрыемства ўзначальваў Дзмітрый Капко. Паводле слоў Караева, за апошнія гады на агракамбінаце правалілі як вытворчыя, так і фінансава-эканамічныя паказчыкі, што ў выніку прывяло прадпрыемства да фінансавай неплацежаздольнасці.
Сярод асноўных праблем Юрый Караеў назваў:
- перавытворчасць кіраўніцкага і інжынерна-тэхнічнага персаналу пры вострай нястачы рабочых рук на свінакомплексах і птушкафабрыцы;
- адсутнасць мадэрнізацыі;
- неефектыўныя закупкі;
- вялікія аб’ёмы маёмасці, якая не выкарыстоўваецца і гадамі ляжыць на складах.
— А ўнізе не хапае рабочых, скотнікаў, цялятніц, птушкаводаў… Вось спусціць кожнага на паверх ніжэй! — сказаў Караеў. — Велізарны, пераразвіты апарат і нястача рабочых. Ну што ж, вазьміце і змяніце белыя каўнерыкі на рукавіцы і на рабочую куртку. І папрацуйце, і ўсе разам адрадзіце гэтае прадпрыемства.
Галоўная мэта цяпер, паводле яго слоў — спыніць падзенне і запусціць працэс аднаўлення. Агракамбінат, які яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму забяспечваў 16–17% прадукцыі аграпрамысловага комплексу вобласці, павінен зноў стаць значным для рэгіёна.
Праблема з дэфіцытам кадраў на агракамбінаце не новая
Hrodna.life раней пісаў пра дэфіцыт кадраў на агракамбінаце. У мінулым годзе прадпрыемству і яго падраздзяленням патрабавалася амаль 600 чалавек пры агульнай колькасці ў 5 тысяч работнікаў. І праблема не новая. Яшчэ ў 2019 годзе дзяржаўная газета «Гродзенская праўда» пісала, што, напрыклад, на Скідзельскай птушкафабрыцы (якая ўваходзіць у агракамплекс) працуе каля 1700 чалавек.
«На прадпрыемстве не хапае ўласных кадраў. Рабочых на карпаратыўных аўтобусах прывозяць на змену з Гродзенскага, Шчучынскага, Ваўкавыскага, Мастоўскага раёнаў», — пісала дзяржвыданне.
Агракамбінат «Скідзельскі» — самае буйное аграпрамысловае аб’яднанне Беларусі. У яго склад уваходзяць галаўное прадпрыемства ў Скідзелі і філіялы ў розных раёнах вобласці. Гэта птушкафабрыкі, агракамплексы і перапрацоўчыя вытворчасці.
Два падраздзяленні размешчаны ў Гродзенскім раёне, астатнія працуюць у рэгіёне. Сярод іх — «Слонімская птушкафабрыка» (далучана ў 2019 годзе), «Мастоўскі кумпячок», агракамплекс «Шылавічы», «Дубна», «Жалудоцкі агракамплекс» і «Князева».



