У Гродне прадаюць старадаўні будынак у гістарычным цэнтры горада — на вуліцы Гараднічанскай, 26. Разам з ім пакупніку дадуць участак зямлі ў арэнду на 50 гадоў. Электронныя таргі прызначаныя на 17 сакавіка. Пачатковая цана аб’екта — амаль 620 тысяч рублёў.
Будынак цагляны, 1910 года пабудовы. Яго агульная плошча — 381 кв. м. Унутры ёсць падвал і прыбудова, падключаныя ацяпленне, вада, каналізацыя і электрычнасць.
Што было ў будынку раней
У розныя гады будынак выкарыстоўваўся па-рознаму: у 1923 годзе тут працавала тытунёвая фабрыка Ісака Кагана, дзе было занята каля 50 чалавек, у 1926 годзе размяшчаўся Віленскі сялянскі банк. А ў сакавіку 1966 года ў доме знаходзіліся адміністрацыйныя службы і цэнтралізаваная бухгалтэрыя «Гаржылупраўлення».
Як паведамляе Telegram-канал «Спадчына», аўтэнтычны дэкор фасадаў быў цалкам страчаны падчас савецкіх капрамонтаў, «таму сёння дом выглядае як чумадан з вокнамі».

Умовы для будучага ўласніка
Дом знаходзіцца ў гістарычным цэнтры і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта азначае, што новы ўласнік абавязаны захаваць яго вонкавае аблічча і ўзгадняць усе работы з Міністэрствам культуры. Таксама ёсць абмежаванні па выкарыстанні зямельнага ўчастка. Ён размешчаны ў зонах аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і ў ахоўных зонах аб’ектаў газаразмеркавальнай сістэмы.

На працягу паўтара года пакупнік павінен падрыхтаваць праект рамонту або рэканструкцыі, а завяршыць работы — не пазней чым праз тры гады пасля куплі. Пасля гэтага будынак можна будзе выкарыстоўваць пад офісы, крамы або кватэры.
Калі ўмовы не будуць выкананыя, пагражае штраф — 500 базавых велічынь, а ў некаторых выпадках горад можа забраць будынак назад без кампенсацыі выдаткаў.
Дадаткова пакупніку трэба аплаціць расходы на афармленне зямельнага ўчастка — 861,89 рубля.



