На мінулым тыдні польскае медыя TVP Sport напісала пра баксёра з Ліды Яўгена Макарчука. У 2022 годзе спартсмен перабраўся ў Польшчу, выступаў пад флагам краіны і называў сябе палякам. У снежні 2024 года сувязь з баксёрам абарвалася — пазней высветлілася, што ён вярнуўся ў Беларусь. У калег гэта выклікала пытанні – яны падазравалі, што Макарчук супрацоўнічае са спецслужбамі. Гісторыю перапосцілі беларускія медыі. Баксёр пракаментаваў сітуацыю TVP Sport. 

З’ехаў з-за падману на €1,5 тысячы

Па словах калег па клубе, Макарчук з’ехаў з краіны без папярэджання. Пасля сябе пакінуў даўгі, а таксама персанальныя рэчы, у тым ліку паясы, атрыманыя за перамогі на рынгу. Пасля высветлілася, што баксёр знаходзіцца ў Беларусі – трэніруецца ў Мінску, наведваў ААЭ і праводзіў бой у Германіі.

Як растлумачыў Макарчук, яго ад’езд быў справакаваны падманам з боку Віктара Матэрана (арганізатара баёў баксёра) і Дзяніса Звоніка (кіраўніка фонду, які дапамог баксёру з пераездам).

Макарчук кажа, што ў 2024 годзе яму давялося падпісаць кантракт на бой у Швейцарыі – яму абяцалі заплаціць €9 тыс. Аднак пасля баксёр звязаўся з арганізатарамі і даведаўся, што ганарар за бой вышэйшы – €10,5 тыс.

“Проста скралі ў мяне €1,5 тыс. Я зразумеў, што лепш не мець справы з гэтымі людзьмі”. Макарчук таксама дадае, што звязваўся з прамоўтэрам Марыюшам Грабоўскім і прасіў вырашыць сітуацыю, але той «нічога не зрабіў».

Трафейныя паясы скраў кіраўнік фонду

Макарчук таксама патлумачыў, чаму пакінуў усе свае ўзнагароды ў Польшчы. Ён адзначае, што не зрабіў бы гэтага па ўласным жаданні, таму што паясы – самае каштоўнае, што ёсць у спартсмена. «Звонік проста іх у мяне скраў і не вярнуў, а калі тэлефанаваў яму, каб іх забраць, быў праігнараваны», – кажа баксёр.

Баксёр абверг інфармацыю аб даўгах

Выказаўся Макарчук і аб даўгах, якія пакінуў пасля ад’езду. У абвінавачваннях калегаў гаворка ішла аб “фінансавых абавязацельствах перад трэнерамі, мэнэджэрам”, а таксама фондам.

Баксёр назваў гэта хлуснёй і сказаў, што “за ўсё заплаціў”. Ён таксама дадаў, што зарабляў на жыццё ганарарамі з баёў, а яшчэ падпрацоўваў як трэнер.

Пасля вяртання на радзіму была «размова», але Макарчуку няма чаго ўтойваць

Баксёр прызнаў, што пасля вяртання ў Беларусь з ім “была размова”. Але ніякіх наступстваў за гэтым не было. Больш за тое, ён “спартсмен, а не палітык”, таму яму няма чаго ўтойваць і баяцца.

Баксёр таксама растлумачыў кантэкст сваіх папярэдніх выказванняў аб прыналежнасці да Польшчы і ідэнтыфікацыі сябе з народам. Па словах Макарчука, па прыездзе ў краіну яму было няпроста з-за адрозненняў у «менталітэце і людзях», у пэўны момант ён нават закінуў вывучэнне мовы.

Макарчук дадаў, што “ніколі не адмовіцца ад беларускага грамадзянства”, таму што тут яго дом.

Трэніруецца ў дубайскім клубе

Цяпер Макарчук выступае за дубайскі клуб Golden Ring, там жа трэніруецца. Кажа, што цяпер яго атачаюць людзі, якія “хочуць супрацоўнічаць, а не распаўсюджваюць фальшывую інфармацыю аб ім”.

Калегі Макарчука: спартсмен хлусіць і падтасоўвае факты

Пасля інтэрв’ю з Яўгенам Макарчуком журналісты TVP Sport звярнуліся па каментарыі да Дзяніса Звоніка і Віктара Матэрана.

Звонік сказаў, што спроба пераасэнсаваць факты не вызваляе Макарчука ад адказнасці. Калі той не пагасіць даўгі, справу перададуць у суд.

Матэран адзначыў, што не падрабляў спартыўныя дагаворы. Калі баксёр працягне “распаўсюджваць ілжывую інфармацыю”, Матэран мае намер звярнуцца ў суд для абароны сваіх правоў.

Чытайце таксама: Баксёр-эмігрант вярнуўся з Польшчы ў Беларусь — яго падазраюць у супрацоўніцтве са спецслужбамі