Гродзенец Алег Тарасенка паўдзельнічаў у папулярным расійскім тэлепраекце «Давай поженимся». Ён – былы муж гродзенскай блогеркі Jennie.t, якая абвінавачваецца ў махлярстве пры зборы сродкаў на лячэнне Івана Сцяцэнкі.

«Давай поженимся!» – гэта расійскае тэлешоў пра пошук пары. У выпуску ёсць адзін галоўны герой ці гераіня, якія шукаюць каханне. Да яго прыходзяць тры прэтэндэнты, кожны распавядае пра сябе і паказвае сюрпрыз. Вядзе перадачу Ларыса Гузеева. Шоў выходзіць з 2008 года.

Пра свой удзел у праграме Алег паведаміў у Instagram. Там ён апублікаваў Reels з запісам шоў. Пад постам ён напісаў, што “фінал вас здзівіць”, але дакладную дату выхаду не назваў. У каментарах блогер удакладніў, што эфір павінен выйсці «прыкладна праз два тыдні пасля здымак».

У роліку з ім таксама прысутнічаюць ягоныя гродзенскія сябры – блогеры Павел Яфіменка і Паша Запаснік, якія ўдзельнічалі ў праграме разам з ім.

Мяркуючы па публікацыях у сацсетках, у верасні 2025 года Алег упершыню з’явіўся на здымках шоу разам з гродзенскай удзельніцай Вольгай Савіцкай. Сумесны ролік абодва размясцілі на сваіх старонках. У якой менавіта ролі ён удзельнічаў – не ўдакладняецца.

Афіцыйна Тарасенка і блогерка Jennie.t развяліся ў студзені 2025 года. У былых мужа і жонкі ёсць сумеснае 8-гадовае дзіця.

У лістападзе 2025 года Яўгенію Тарасенка і яе маладога чалавека, 17-гадовага Міхаіла Драгуна, затрымалі. Ім прад’явілі абвінавачванні па справе аб махлярстве ў асабліва буйным памеры пры зборы сродкаў на лячэнне Івана Сцяцэнкі. Цяпер Міхаіл знаходзіцца ў следчым ізалятары па іншай справе, а блогерка — пад падпіскай аб нявыездзе.