Урад Беларусі зацвердзіў дзяржпраграму «Турызм» на 2026–2030 гады. З яе дапамогай хочуць павысіць уклад турызму ў эканоміку краіны і рэгіёнаў. Усяго рэалізуюць 130 інфраструктурных праектаў на 1,78 млрд рублёў. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, што для развіцця турызму зробяць у Гродзенскай вобласці ў наступныя пяць гадоў і колькі грошай хочуць выдаткаваць.
Што зробяць у Гродзенскай вобласці?
З 2026 па 2030 год у Гродзенскай вобласці запланавалі 18 інвестыцыйных праектаў. Яны ўключаюць будаўніцтва новых аб’ектаў і мадэрнізацыю існуючых.
Напрыклад, прадугледжана рэканструкцыя санаторыя «Нёман-72». Там мадэрнізуюць лячэбны корпус і дахі на суму 7,5 млн рублёў. Гэтыя грошы возьмуць з уласных сродкаў. Філіял санаторыя «Энергетык» (РУП «Гроднаэнерга») мадэрнізуюць на 4,3 млн рублёў за кошт крэдытаў.
У планы да 2028 года ўнеслі ўвод у эксплуатацыю былога піўзавода і рэстаўрацыю палаца Масальскіх на Замкавай. На турбазе «Хімік» пабудуюць пяць аднапавярховых домікаў. А на тэрыторыі ўрочышча «Гутка» ў Слонімскім раёне — гасцявы дом.
Таксама хочуць пабудаваць зону адпачынку з адкрытым басейнам і СПА-комплекс у санаторыі «Азёрны». Там жа мадэрнізуюць спальныя карпусы. У санаторыі «Радуга» ў Лідзе стане больш нумароў і з’явіцца новы фасад.
Экалагічныя сцежкі і мадэрнізацыя заправак
Экалагічныя сцежкі абсталююць у Ваўкавыскім, Зэльвенскім і Шчучынскім раёнах. У Астравецкім раёне зробяць лодачную стаянку.
Плануюць абнавіць і мадэрнізаваць дзве запраўкі на трасе М-11 (мяжа Літвы – Ліда – Слонім – Быцень), а таксама на трасе Р-99 (Баранавічы – Ваўкавыск – Пагранічны – Гродна) і на М-6 (Мінск – Гродна – мяжа Польшчы).

Адкрыццё і мадэрнізацыя гасцініц у Гродне і Лідзе
У Гродне пасля рэканструкцыі адкрыюць гасцініцу «Нёман» (зараз яна ўжо працуе ў тэставым рэжыме). Гасцініцу «Турыст» на праспекце Янкі Купалы мадэрнізуюць.
У Лідзе абновяць гасцініцу «Ліда» і адкрыюць там рэстаран для абслугоўвання турыстаў.
У Міры пабудуюць трохзоркавую гасцініцу з аб’ектам харчавання ў межах рэстаўрацыі палаца Святаполк-Мірскіх.
Што па грошах?
У Гродзенскай вобласці на развіццё турызму з 2026 па 2030 гады плануюць накіраваць 56,5 млн рублёў уласных сродкаў. Таксама праз Нацыянальнае агенцтва па турызме з рэспубліканскага бюджэту ў Гродзенскую вобласць накіруюць прыкладна 2,46 млн рублёў.
Запланаваны і крэдыты ў памеры 16,3 млн рублёў. Па падпраграме «Маркетынг турыстычных паслуг» Гродзенскі аблвыканкам плануе выдаткаваць на прасоўванне турыстычнага патэнцыялу вобласці ў 2026–2030 гадах каля 1,65 млн рублёў з мясцовага бюджэту.
На «Лічбавы турызм» за пяць гадоў Гродзенскі аблвыканкам плануе выдаткаваць прыкладна 0,36 млн рублёў з мясцовага бюджэту.
Якія кірункі ў Гродзенскай вобласці будуць развіваць?
У Гродзенскай вобласці плануюць развіваць два асноўныя кірункі турызму.
Першы — гісторыка-культурны турызм. Стаўку зробяць на вядомыя славутасці Гродна (Стары і Новы замак, касцёл Святога Францішка Ксаверыя, Каложская царква, пажарная каланча), а таксама Навагрудак, Лідскі замак, замкавы комплекс «Мір» і іншыя аб’екты рэгіёна.
Другі — экалагічны і актыўны турызм. Будуць развівацца маршруты і экасцежкі ў рэспубліканскім ландшафтным заказніку «Азёры», на Аўгустоўскім канале, уздоўж ракі Нёман, а таксама веласіпедныя маршруты і іншыя прыродныя аб’екты.
Што па гасцініцах і аб’ектах размяшчэння ў Гродзенскай вобласці?
Згодна з дакументам, у 2025 годзе ў гасцініцах і іншых аб’ектах Гродзеншчыны размяшчалі 325,4 тысяч чалавек.
У 2026 годзе чакаецца, што за год у рэгіёне будуць размяшчаць ужо 371 тыс. турыстаў, а да 2030 года іх колькасць вырасце да 580 тыс. чалавек.
Нумарны фонд гасцініц, санаторыяў і пансіянатаў павялічыцца больш чым на 50 % да 2030 года ў параўнанні з 2025 годам.

Што можа пайсці не так?
У дакуменце сярод іншага распісаны рызыкі, якія могуць запаволіць выкананне праграмы развіцця турызму. Гэта:
- недахоп інвестыцый;
- нехапака кваліфікаваных кадраў;
- адсутнасць новых турыстычных прадуктаў;
- адток спецыялістаў за мяжу.
Канкурэнцыя з суседнімі краінамі і геапалітычная нестабільнасць могуць знізіць паток замежных турыстаў. Эканамічныя крызісы і нізкі рост даходаў насельніцтва могуць паменшыць як уязны, так і ўнутраны турызм.
Таксама на турызм у Беларусі могуць уплываць прыродныя катаклізмы і змены клімату.
Таму рэалізацыя праграмы можа быць выканана толькі на 50–60 %, а экспарт турыстычных паслуг — на 35 % ад запланаванага.



