Вуліцы, дворыкі і гандлёвыя галерэі Беластока сталі часткай вялікай гарадской гульні. Першы ў 2026 годзе пешаходны квэст прайшоў тут 17 студзеня. Яго арганізавалі гродзенцы, якія цяпер жывуць у Польшчы.
Удзельнікі рухаліся па спецыяльна падрыхтаваным маршруце, шукалі схаваныя коды, выконвалі заданні і разгадвалі загадкі. Так яны не проста забаўляліся, але і адкрывалі горад праз яго вуліцы, будынкі і гарадскія гісторыі. А таксама мелі магчымасць выйграць прызы.
Мароз не спужаў гульцоў
«Чаканні былі самыя лепшыя, бо пэўны досвед ужо ёсць. Былі і каманды, якія раней гулялі ў такія гульні. Але асабліва прыемна, што на гэтую гульню запісалася шмат новых каманд — гэта вялікі плюс», — кажа адзін з арганізатараў і аўтар сцэнарыя гульні Аляксей Шота.
Нягледзячы на мароз, на старт гульні прыйшлі сем каманд, агулам амаль 20 чалавек. На цікавасць удзельнікаў паўплываў і фармат падзеі: гульня была бясплатнай, а добрыя падарункі ўдалося ўручыць дзякуючы партнёрам.

«Надвор’е было не самым камфортным, але людзі захацелі — прабегліся па горадзе, пашукалі коды, неяк размяліся. Я спадзяюся, што тыя, каго мы прыцягнулі гэтай промагульнёй, застануцца з намі і далей», — кажа Аляксей.
Шукалі муралы, прамысловую спадчыну і адсылкі да Гродна
Каб мінімізаваць уплыў холаду, маршрут выбралі паміж дзвюма буйнымі гандлёвымі галерэямі — «Бялай» і «Альфай». Гульцы стартавалі ў адной, а фінішаваць мелі ў другой.
Раён апынуўся багатым на сюжэты, па якіх можна будаваць пытанні. Тут шмат вуліц, названых у гонар пісьменнікаў — Міцкевіча, Славацкага, Ажэшкі, Канапніцкай. У гульню таксама ўключылі элементы турыстычных маршрутаў: «Шлях беластоцкіх фабрыкантаў» і «Шлях беластоцкіх муралаў».



Знайшлося месца і для сучаснай гарадской гісторыі. Адзін з узроўняў гульні расказваў пра мінулагодняе змаганне мясцовых жыхароў з забудоўшчыкам, які хацеў узвесці хмарачос каля сажалкі на вуліцы Міцкевіча.
У гульні з’явіліся і адсылкі да Гродна.
«Мы — з Гродна, і робім гэты праект часткова разам з рэдакцыяй мясцовага гродзенскага выдання. Таму зрабілі ў гульні некалькі адсылак да Гродна», — кажуць стваральнікі гульні.
Чытайце таксама: З Гродна па пакупкі ў Беласток: што прапануюць турфірмы пасля адкрыцця мяжы
Для самых хуткіх і ўважлівых — падарункі
Якія загадкі мелі разгадаць гульцы? Вось некалькі прыкладаў — у кожным з іх загадана нейкая лакацыя ў Беластоку.
185 гадоў таму нарадзілася ЯНА. Хоць амаль усё жыццё ЯНА пражыла ў Гродне, у гонар яе названыя вуліцы па ўсёй Польшчы. У тым ліку і адна з вуліц Беластока.
Пад гэтым нумарам у Гродне можна паслухаць радыё ў машыне. У Беластоку пад гэтым нумарам сцвярджаюць, што даюць самую вялікую ЯЕ ў горадзе.
У нашым ваяводстве ёсць ТАКІ канал і ТАКАЯ пушча, а ў гісторыі рэгіёну была ТАКАЯ аблава. У зоне гульні ёсць ТАКАЯ вуліца. Знайдзіце на ёй аб’ект, які даказвае, што нездарма Беласток называлі “Манчэстарам Поўначы”.
Сярод пераможцаў гульні як дасведчаныя каманды, так і навічкі. Напрыклад, каманда TEA.QUEST RUN, якая прадстаўляла беластоцкі бегавы клуб TEA.M RUN, паказала і выдатны час, і добрае веданне Беластока, і лагічнае мысленне. Таму лёгка заняла другое месца.
Перамаглі ж гульцы з каманды Е-95, якія ў такія квэсты гуляюць ужо не першае дзесяцігоддзе.
«Нам вельмі спадабалася гульня. Для зімовага фармату арганізатары вельмі файна падабралі лакацыі — частка на вуліцы, частка ў памяшканні. Даведаліся трошкі пра гісторыю Беластока, было некалькі кропак з турыстычных маршрутаў па Беластоку».

Тройка лепшых каманд атрымала ў падарункі кнігі пра таямніцы гісторыі Беластока, класіку польскай літаратуры ў перакладзе на беларускую мову, настольныя гульні і цукеркі. Акрамя таго, усе каманды атрымалі сувеніры ад крамы “Padpolszczyki”.
Калі наступная гульня
Пешаходныя гульні праходзяць у Беластоку з ліпеня 2025 года. Агулам ужо прайшло сем гульняў, у якіх прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек. Далучыцца да іх можна праз канал гульні ў Telegram.
Арганізатары плануюць развіваць праект і праводзіць новыя пешыя гульні ў Беластоку. Ужо 31 студзеня адбудзецца новая гульня, якая будзе мець назву «Назад… у 90-я».



