У сацсетках гродзенцы цікавяцца, дзе можна пакатацца на каньках у горадзе. Hrodna.life сабраў асноўныя кропкі ў Гродне з каткамі.
Бясплатныя каткі ў Гродне
Паводле інфармацыі Гродзенскага гарвыканкама, пакатацца на каньках можна на стадыёнах каля школ і гімназій.
- Каткі зальюць у гарадской гімназіі, а таксама ў гімназій №6, 7, 9.
- Ля сярэдніх школ №3, 5, 6, 8, 11, 12, 13, 15, 16, 19, 26, 28, 31, 33, 34, 35, 40.
У выхадныя і святочныя дні пляцоўкі працуюць з 8 раніцы да 22 вечара. У навучальныя дні – пасля ўрокаў.
Крытыя і платныя каткі ў Гродне
Крыты каток ёсць у ГЗК Triniti. Сеанс доўжыцца гадзіну, на лёдзе можна знаходзіцца 45 хвілін. У буднія дні дарослы білет каштуе 6 руб., у выходныя – 7 руб. Дзіцячыя – 4 і 5 руб., адпаведна.
У лядовым палацы спорту Гродна арганізоўваюць масавыя катанні. Бліжэйшае адбудзецца 18 студзеня з 14:00 да 15:00. Дарослы білет без прадастаўлення канькоў каштуе 9 руб., дзіцячы – 7 руб.
Таксама можна пакатацца ў крытым катку ў Пышках. Бліжэйшыя сеансы – 17 і 18 студзеня.
Юбілейнае возера і возера ў Беражанах: парады гродзенцаў
У сацсетках гараджане дзеляцца лакацыямі, дзе можна пакатацца на каньках.
- Юбілейнае возера;
- возера ў вёсцы Беражаны (Сапоцкінскі сельсавет);
- возера Оляля (непадалёк ад маёнтка «Каробчыцы»).
АСВОД Гродна просіць гараджан быць асцярожнымі на лёдзе. Важна звяртаць увагу на таўшчыню і колер лёду. Самы надзейны – празрысты, з блакітнаватым, зялёным адценнем, таўшчынёй не менш за 7 см. Малочны або белы лёд – удвая слабей. Самым небяспечным лёдам лічыцца той, які ўтварыўся з замерзлага снега.
Гродзенцам патлумачаць, як бяспечна катацца на каньках
Камітэт дзяржкантролю 13 студзеня правядзе гарачую лінію — адкажуць на пытанні, звязаныя з зімовымі актыўнасцямі. Патэлефанаваць можна па нумары 8 0152 79-88-23.
Чытайце таксама: Дзе ў Гродне пакатацца з горкі зімой: 9 месцаў – ёсць і бясплатныя



