Гродзенскі музыка Яўген Кучмейна, аўтар праекта tochka K, стаў адным з першых новых жыхароў польскай вёскі Малыя Азяраны, размешчанай каля самай мяжы з Беларуссю. Населены пункт прыцягнуў увагу ў мінулым годзе, калі мясцовы солтыс (стараста) Лешак Скродскі паклікаў людзей пераязджаць у амаль апусцелую вёску, паабяцаўшы дапамогу з жыллём і зямлёй. На гэты заклік адгукнуліся некалькі чалавек, сярод якіх апынуўся і беларускі музыка. Яго гісторыю распавядае польскі тэлеканал TVN24.
Яўген Кучмейна родам з Іўя. Піша музыку з 14 гадоў, выступае ў жанры acoustic rock / contemporary / neo psychedelic folk / trip grunge. Меў уласную студыю гуказапісу Neman9, запісваў свае альбомы, трэкі і альбомы іншых беларускіх музыкаў і гуртoў. Праект Tochka К (.К) у 2016 годзе стаў пераможцам «Басовішча».
Вёска, куды паклікалі людзей
Малыя Азяраны знаходзяцца ў Сакольскім павеце на польска-беларускім памежжы. У 1960-х гадах тут пражывала каля 200 чалавек. А да пачатку мінулага года заставаліся ўсяго тры мясцовыя жыхары.
У лютым мінулага года солтыс вёскі Лешак Скродскі запрасіў усіх ахвотных пераязджаць у Азяраны, паабяцаўшы дапамогу з жыллём і зямлёй. Ён прапаноўваў арэндаваць участкі за сімвалічную плату — каля 100 злотых (прыкладна 82 рублі) у месяц за 1000 квадратных метраў, — і дапамагчы жадаючым звязацца з уласнікамі пустых дамоў. Паводле слоў старосты, у вёсцы ёсць шэсць дамоў, якія можна адрамантаваць і зрабіць прыдатнымі для жыцця.

Як Яўген даведаўся пра Малыя Азяраны
Пра заклік старосты Яўген Кучмейно даведаўся са СМІ, калі жыў у Варшаве.
— Я прачытаў артыкул, у якім гаварылася, што сюды можна прыехаць і займацца творчасцю, — распавядае музыка. Упершыню прыехаўшы ў Малыя Азяраны, ён быў уражаны мясцовымі краявідамі. — Гэта містычнае месца. Такія краявіды можна знайсці толькі на польска-беларускім памежжы, — кажа Яўген.
Жыццё і студыя ў пуні
У верасні мінулага года музыка пераехаў у вёску і пасяліўся ў гаспадарчай пабудове ў старосты. Нягледзячы на назву, пуня цалкам прыстасаваная для жыцця: унутры ёсць гасцёўня, спальня і ванны пакой. У спальні Яўген абсталяваў хатнюю студыю гуказапісу.
Яўген зарабляе на жыццё музыкай — дае канцэрты, а таксама працуе гукаінжынерам. Хоць ён мульціінструменталіст, у асноўным грае на гітары і спявае.
— Я планую пражыць тут каля года. Думаю, менавіта столькі часу зойме праца над альбомам пра Азяраны. Я часта змяняю месцы жыхарства, вяду, можна сказаць, качавы лад жыцця, — тлумачыць музыка.

Акрамя беларускага музыкі, у вёсцы могуць з’явіцца і іншыя жыхары. Так, напрыклад, адстаўны вайсковец купіў тут участак і пабудаваў дом. Ён прыязджае ў вёску час ад часу. Паляк Міхал Міхаляк з Пабяніц мае намер перабрацца ў Азяраны на пастаяннае месца жыхарства ў найбліжэйшы час. Таксама сюды збіраецца сямейная пара з Германіі, якая плануе паставіць тут юрту, і дзяўчына з Велікапольскага ваяводства, якая хоча займацца ў Азяранах музыкай. Яна, магчыма, стане суседкай Яўгена.
Солтыс жа кажа, што «пасяленчая акцыя» аказалася паспяховай: вёска прыцягнула людзей, якія шукаюць цішыню, прыроду і прастору для творчасці.



