Намеснік міністра спорту і турызму Алег Андрэйчык пайшоў у адстаўку ў канцы 2025 года, паведамляе «Гарадзенская праваабарона».
Андрэйчык займаў пасаду намесніка міністра спорту і турызму з траўня 2022 года. Да гэтага ён 24 гады працаваў ва ўпраўленні спорту і турызму ў Гродзенскім аблвыканкаме.
Прыцягваў турыстаў і ціснуў на спартоўцаў: чым запомніцца Алег Андрэйчык
Алег Андрэйчык нарадзіўся 12 красавіка 1973 года ў Глыбокім Віцебскай вобласці. Скончыў Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры, Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце. У 1993-1997 гадах быў у складзе зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы, майстар спорту Беларусі, неаднаразовы прызёр міжнародных турніраў у бегу на доўгія і звышдоўгія дыстанцыі.
Пачынаў працу метадыстам, з 1997 года працаваў галоўным спецыялістам ва ўпраўленні спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама, з 2006 года – намеснікам кіраўніка ўпраўлення. У снежні 2013 года яго прызначылі кіраўніком Упраўлення спорту і турызму.
Падчас праўлення Андрэйчыка ў рэгіёне пачаў дзейнічаць паспяховы бязвіз для турыстаў. За тры гады, з 2016 па 2019, у вобласць прыцягнулі каля 20 мільёнаў еўра даходаў ад турызму. У 2018-м Гродзенскую вобласць прызналі самай спартыўнай у Беларусі. Пры Андрэйчыку ў Гродне развіваліся мясцовыя бегавыя спаборніцтвы, а ён сам штогод удзельнічаў у міжнародным марафоне дружбы “Гродна-Друскінінкай”. Але вось пабудаваць на «Гродзенскім моры» (вадасховішча перад ГЭС) базу адпачынку і адкрыць там 50 інвестыцыйных пляцовак, як ён планаваў, так і не ўдалося. Таксама толькі ў планах засталося адкрыццё стадыёна для пляжных відаў спорту пад Гродна.
Пры гэтым Алега Андрэйчыка называлі адказным за ціск на спартоўцаў у 2020 годзе. Пасля выбараў, у снежні 2020 года, з’явіўся адкрыты ліст спартсменаў у падтрымку дзейнай улады. Некаторыя спартсмены не падпісвалі яго, але ўсё роўна знайшлі пад ім сваё прозвішча. Іншыя наўпрост распавялі, што спартыўныя чыноўнікі пагражалі звольніць іх за адмову падпісаць ліст.
Чытайце таксама: Непаўналетнія, ветэраны і дзейныя. Хто з гродзенцаў падпісаў праўладны ліст спартоўцаў?



