Кніга «Гродна. Біяграфія вуліц» выйшла ў гродзенскай друкарні Аляксандра Рыжага. Гэта вынік шматгадовай працы гродзенскіх гісторыкаў розных пакаленняў. У кнізе аўтары спрабуюць ахапіць гісторыю гродзенскіх вуліц і архітэктуры горада, пачынаючы з XII стагоддзя. Аб выхадзе кнігі паведаміў у Facebook Аляксандр Рыжы. 

Падобных кніг – гарадскіх энцыклапедый, дзе распавядаецца гісторыя кожнага будынка ў гістарычным цэнтры – у беларускім краязнаўстве больш няма.

150 вуліц і больш за 1000 будынкаў

У кнізе сабраны сведкі пра кожны цікавы з архітэктурнага пункта гледжання будынак. Інфармацыя пра вуліцы Гродна прыведзена ў алфавітным парадку. У рамках кожнай вуліцы апісаны як знакавыя аб’екты – замкі, святыні, палацы, комплексы будынкаў, так і ўся тыпавая забудова. Можна даведацца, хто ў якую эпоху валодаў канкрэтным будынкам, якія ўстановы там размяшчаліся, калі і кім будынкі перабудоўваліся.

Усяго ахоплена гісторыя каля 150 вуліц Гродна і больш як тысячы будынкаў. Таксама ў кнігу ўвайшлі дадзеныя аб былых вёсках, якія цяпер сталі часткай горада. На сённяшні дзень кніга “Гродна. Біяграфія вуліц» гэта найбольш падрабязны каталог гістарычных звестак аб архітэктуры Гродна.

Такая кніга па гісторыі Гродна ўжо была – цяпер яна стала яшчэ лепш

Кніга «Гродна. Біяграфія вуліц» выйшла праз 13 гадоў пасля іншага падобнага выдання – «Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы» з серыі «Гарадзенская бібліятэка». З таго часу краязнаўцы і гісторыкі адкрылі новыя факты і больш дэталёва даследавалі ўжо вядомую інфармацыю. У новай кнізе выпраўлена шмат памылак і недакладнасцяў, дапушчаных у папярэднім выданні. Праца над багата ілюстраванай 700-старонкавай кнігай заняла каля пяці гадоў.

Чым вядомы выдавец Аляксандр Рыжы

Прыватная тыпаграфія «ЛітАРы» Аляксандра Рыжага (раней – выдавецтва «ЮрСаПринт») выдала дзясяткі кніг аб гісторыі Гродна і рэгіёну. Сярод іх: кнігі гісторыкаў і краязнаўцаў Андрэя Павача, Віктара Саяпіна, Наталлі Канюк і іншых, фотаальбомы Наталлі Дораш, кнігі па гісторыі гродзенскага заапарку і многія іншыя гістарычныя выданні.

Чытайце таксама: У Гродне выйшла кніга пра авантурыста, які купіў палац у цэнтры горада за картачны выйгрыш