«Хімвалакно» пастаўляе сыравіну ў Расію – пасля яе выкарыстоўваюць для экіпіроўкі расійскіх байцоў. Паралельна прадпрыемства зарабляе з паставак прадукцыі ў краіны Еўрасаюза, нягледзячы на ​​ўведзеныя санкцыі. Аб схемах траплення прадукцыі ў іншыя краіны піша “БРЦ”. 

“Хімвалакно” тонамі пастаўляе поліамід у Расію

Журналісты “БРЦ” высветлілі, што яшчэ ў 2022 годзе завод “Хімвалакно” быў практычна адзіным пастаўшчыком поліаміднай тэхнічнай ніткі ў Расію і ЕАЭС. З поліаміднага валакна робяць калготкі, купальнікі, а таксама тканіну для бронекамізэлек.

Вядома, што з 2023 па красавік 2025 «Хімвалакно» паставіў шэсць партый поліаміда аб’ёмам 18 тон у цвярскі НДІ (навукова-даследвальніцкі інстытут). Таксама прадукцыю ад прадпрыемства атрымаў ніжагародскі завод “Труд”, які супрацоўнічае з Міністэрствам абароны і сілавымі ведамствамі Расіі. Са жніўня 2022 па красавік 2023 года «Труд» закупіў дзесяткі тон беларускай сыравіны амаль на $370 тыс.

Агулам з 2022 года па ліпень 2025 расійскія прадпрыемствы атрымалі тысячы тон беларускіх поліамідных нітак на $48 млн, а чыстага поліаміду – прыкладна на $60 млн.

Фірмы-пракладкі: як «Хімвалакно» гандлюе з Еўразвязам

“Хімвалакно” адпраўляў прадукцыю ў Італію, Латвію і Польшчу, нягледзячы на ​​санкцыі. Гэта стала магчымым дзякуючы фірме-пракладцы «Гронити», якую стварылі ў лютым 2021 года.

«Гродна Азот» і «Гронити» падпісалі дамову, паводле якой прадпрыемства дазваляе змяняць паходжанне свайго тавара пры продажы ў Еўрасаюз. Пасля дакумент абнаўляўся – павялічвалі спіс прадукцыі на вываз.

З пачатку 2023 года ў Італію і Латвію праз фірму-пракладку адправілі больш чым па 300 партый санкцыйнай прадукцыі, яшчэ 142 – у Польшчу. Схема працуе і ў 2025.

Прадукцыю пастаўляюць у іншыя краіны – мяняюць фармальнага прадаўца

Яшчэ адна фірма-пракладка — «Ар-бел коммодитес» – дапамагала “Хімвалакно” пастаўляць нейлон у Іран, які знаходзіцца пад санкцыямі ЗША. Каб пастаўка стала магчымай, аплату правялі праз сінгапурскую кампанію, прызначыўшы яе фармальным прадаўцом. Сам жа тавар адпраўлялі з адраса, дзе зарэгістраваная «Ар-бел коммодитес».

На паперы тавар купіла фірма, зарэгістраваная ў Арабскіх Эміратах, але адрас дастаўкі – Тэгеран.

Чытайце таксама: Фірма-пракладка ад райвыканкама і шлях у Дубай праз Літву. Як «Гродна Азот» абыходзіць санкцыі