17 студзеня ў Гродзенскай філармоніі адбудзецца канцэрт расійскага акцёра і музыкі Стаса Ярушына. Ён выступіць са сваімі аўтарскімі песнямі. Пра будучы канцэрт у Гродне артыст напісаў у Threads.

Мяркуючы па сайце ticketpro.by, білетаў на выступ расійскага артыста пакуль набыта няшмат: занята ўсяго каля 160 з 954 месцаў. Кошт — ад 64 да 114 рублёў.

Станіслаў Ярушын — расійскі акцёр і шоўмен. Ён стаў вядомы дзякуючы выступам у КВЗ, дзе гуляў за каманды «Уездный город» і «Лица уральской национальности», а ў 2002 годзе разам з камандай стаў чэмпіёнам Вышэйшай лігі.

Шырокую папулярнасць яму прынесла роля Антона Мартынава ў серыяле «Универ» і яго працягах: «Новая общага», «10 лет спустя» і «13 лет спустя».

Таксама Ярушын — тэлевядучы, спявак, прадзюсар і аўтар уласных праектаў. Зараз ён вядзе і прадзюсуе хакейнае шоў «Yarushin Hockey Show» на канале «Матч ТБ».

Пазіцыя Стаса Ярушына адносна вайны ва Украіне

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну 24 лютага 2022 года Стас Ярушын выказаўся ў Instagram, заклікаўшы да міру і адзначыўшы, што не хоча вайны.

Пазней акцёр каментаваў санкцыі, уведзеныя супраць Расіі, назваўшы іх несправядлівымі ў адносінах да звычайных грамадзян.

Выказаўся ён і пра расійскіх знакамітасцяў, якія з’ехалі з краіны пасля пачатку баявых дзеянняў, заявіўшы, што не падтрымлівае іх пазіцыю і вяртанне. Акрамя таго, крытыкаваў брэнды, якія пакінулі расійскі рынак.

Пасля абвяшчэння частковай мабілізацыі восенню 2022 года Ярушын заявіў, што не плануе пакідаць краіну, і пазней запісаў відэазварот у падтрымку мабілізаваных, заклікаўшы дапамагаць ім неабходнымі рэчамі.

На YouTube-канале Ярушына рэгулярна выходзяць інтэрв’ю з артыстамі, якія адкрыта падтрымліваюць СВА (так у Расіі называюць вайну ва Украіне).


Нагадаем, у Гродна таксама прыязджае расійскі выканаўца Shaman, вядомы падтрымкай вайны і «патрыятычнымі» песнямі. Яго выступ быў запланаваны на 11 снежня гэтага года, але канцэрт перанеслі на канец 2026 года. Білеты, мяркуючы па інфармацыі на сэрвісе ticketpro.by, ужо ўсе распрададзеныя.