24 снежня ў Гродне адбудзецца першая сустрэча літаратурна-размоўнага клуба «Размова». Сустрэчы клуба ў фармаце «І г.д. і т.п.» ужо праходзілі ў Мінску, а цяпер дабраліся і да Гродна.
Пачатак сустрэчы — а 16:00, месца правядзення ўдзельнікі даведаюцца пасля рэгістрацыі.
Клуб «Размова» — гэта серыя адкрытых размоўных сустрэч, дзе ўдзельнікі абмяркоўваюць тэксты, ідэі і гісторыі, аб’ядноўваючыся праз чытанне і жывыя стасункі.
Што за фармат сустрэчы?
Акрамя іншых фарматаў — такіх як абмеркаванне фільма «Кабарэ» пасля яго супольнага прагляду або творчасці Франца Кафкі — існуе фармат «І г.д. і т.п.».
Кожнаму ўдзельніку трэба выбраць любы тэкст, які яго зачапіў, — ад навуковых артыкулаў і нататак у дзённіку да мастацкіх твораў або сямейных запісаў. Падчас сустрэчы ўдзельнікі зачытваюць абраны фрагмент, а затым абмяркоўваюць яго, дзеляцца меркаваннямі і думкамі.
Арганізатары падкрэсліваюць, што каштоўнасць сустрэч — не ў літаратуразнаўчым аналізе, а ў жывой размове, эмоцыях і асабістых сэнсах.
Фармат натхнёны праектам расійскіх блогераў Яўгена Калінкіна і Дар’і Касьян «Что бы мне поделать, только бы не почитать», дзе абмяркоўваецца літаратура.
Як патрапіць на сустрэчу ў Гродне
Колькасць месцаў абмежаваная. Каб зарэгістравацца, трэба напісаць «+» у каментарыях або асабістых паведамленнях на старонцы праекта ў Instagram.



